Менск, 10 верасня 2020 г.
9 верасня 2020 г. былі затрыманыя сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванню палітычнага крызісу, адвакат Максім Знак і адвакат Марыі Калеснікавай Ілля Салей. У іх кватэрах адбыліся ператрусы, а затрыманыя былі дастаўленыя на допыт у Следчы камітэт.
Гэтым затрыманням папярэднічала выкраданне ў цэнтры Менска 7 верасня невядомымі асобамі сябры прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай.
Як пазней стала вядома, яна разам з яшчэ дзвюма сябрамі Каардынацыйнай рады, Антонам Радненковым і Іванам Краўцовым, была гвалтоўна прывезеная на беларуска-украінскую мяжу для выдварэння з краіны.
Аднак парваўшы свой пашпарт на памежным пераходзе і выскачыўшы з аўтамабіля, Марыя Калеснікава перашкодзіла рэалізаваць аперацыю, арганізаваную беларускімі спецслужбамі, па вывазу непажаданых грамадзян за межы краіны. Пасля гэтага аб месцы знаходжання М. Калеснікавай суткі не было нічога вядома.
9 верасня СК афіцыйна паведаміў, што “Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта працягваецца расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). У адносінах да падазраваных Марыі Калеснікавай і Максіма Знака с санкцыі пракурора была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Таксама па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства (ч. 3 арт. 361 КК) затрыманы Ілля Салей”.
Мы катэгарычна не згодныя з такой прававой кваліфікацыяй дзеянняў М. Калеснікавай, М. Знака, І. Салея і ўсіх сябраў Каардынацыйнай рады ў цэлым, лічым яе штучнай, прадузятай, сутнасна не адпавядаючай характару і задачам дзейнасці Рады і відавочна палітычна матываванай.
Каардынацыйная Рада была створана па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай з мэтай арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу і забеспячэння згоды ў грамадстве, а таксама для абароны суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Сябры Каардынацыянай рады і яе прэзідыума, у прыватнасці, неаднаразова публічна заяўлялі аб тым, што мэта Рады – удзел у перамоўным працэсе паміж народам і ўладай па ўрэгуляванню палітычнага крызісу, які склаўся ў краіне пасля правядзення непразрыстых і несвабодных выбараў Прэзідэнта Беларусі.
Менавіта прэзідэнцкія выбары, якія праходзілі са шматлікімі парушэннямі выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў, вызвалі абурэнне ў значнай часткі грамадзян краіны, прывялі да поўнай дэвальвацыі ўлады і страты легітымнасці А. Лукашэнкі, як законна абранага Прэзідэнта краіны, у вачах большасці грамадства.
Шматлікія мірныя акцыі пратэсту, якія прайшлі пасля выбараў у Мінску і іншых гарадах і мястэчках па ўсёй тэрыторыі краіны, былі атакаваныя прадстаўнікамі спецпадраздзяленняў МУС з непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі. У выніку, упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі, сотні грамадзян былі параненыя, а як мінімум тры ўдзельнікі дэманстрацый загінулі ад непасрэдных дзеянняў міліцыі.
Асаблівы шок у грамадстве выклікалі шматлікія факты катаванняў супрацоўнікамі праваахоўных органаў грамадзян, затрыманых падчас дэманстрацый.
Усё гэта яшчэ болей узмацніла недавер і негатыўнае стаўленне грамадства да органаў улады ў цэлым і да А. Лукашэнкі ў прыватнасці.
У гэтых умовах, дзеля дээскалацыі сітуацыі і правядзення перамоваў аб выхадзе з відавочнага палітычнага крызісу і была створаная Каардынацыйнаярада, у якую ўвайшлі больш за 700 прадстаўнікоў розных колаў беларускага грамадства: дзеячы культуры, бізнесмены, палітычныя і грамадскія дзеячы і г.д.
Ніякіх захадаў, у тым ліку публічных заклікаў да захопу дзяржаўнай улады, а тым больш па гвалтоўнаму змяненню канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь ці здзяйсненню тэрарыстычных актаў, дыверсій і іншых дзеянняў, якія маглі б прычыніць шкоду нацыянальнай бяспецы краіны, яны не здзяйснялі.
Выказванне свайго меркаванне і патрабаванне дыялогу паміж грамадствам і ўладай не можа з’яўляцца злачынствам у дэмакратычным грамадстве.
Варта адзначыць, што ад самага пачатку свайго стварэння, Каардынацыйная рада была рэзка негатыўна ўспрынята кіраўніцтвам краіны і асабіста А. Лукашэнкам, які яшчэ 18 жніўня заявіў аб незаконным характары яе дзейнасці і спробай захопу ўлады. Праз два дні пасля яго выступу, 20 жніўня, Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па факце стварэння і дзейнасці Каардынацыйнай рады была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 361 КК.
Мы перакананыя, што крымінальны пераслед М. Калеснікавай, М. Знака і І. Салея носіць палітычна матываваны характар, ён скіраваны на спыненне іх законнай дзейнасці ці змяненні яе характару.
Акрамя таго, прадэманстраваныя спецслужбамі Беларусі абсалютна неправавыя падыходы (выкраданне і спроба гвалтоўнага выдварэння за межы краіны М. Калеснікавай у працяг такіх жа неправавых ранейшых практык, ужытых у дачыненні да С. Ціханоўскай і В. Кавальковай), а таксама пагрозы фізічнай расправы, якія былі выказаны ў адносінах да Марыі Калеснікавай у будынку ГУБАЗіК, яшчэ болей падкрэсліваюць палітычны і супрацьпраўны характар гэтага пераследу.
На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 а) Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем аб прызнанні Марыі Калеснікавай, Максіма Знака і Іллі Салея палітычнымі зняволенымі і патрабуем:
- неадкладнага вызвалення Марыі Калеснікавай, Максіма Знака і Іллі Салея і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх;
- неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, спынення палітычных рэпрэсій і гвалту ў краіне.
Праваабарончы цэнтр „Вясна”;
РПГА „Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Ініцыятыўная група „Ідэнтычнасць і права”;
Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend);
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;
Простае таварыства „Ініцыятыва FORB”;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Беларускі Дакументацыйны цэнтр;
РГА „Прававая ініцыятыва”.
Фота: Святаслаў Зоркі