„Калі пастаянна не нагадваць, то губляецца ўвага да Беларусі”
У межах Саміта НАТА лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з дэлегацыяй сенатараў ЗША на чале з сенатаркай Джын Шахін. Мерапрыемства было арганізаванае Atlantic Council і Yalta European Strategy.
Святлана Ціханоўская распавяла пра вынікі гэтай сустрэчы беларускім журналістам падчас Сайд-івенту па Беларусі. Яна заўважыла, што нешта новае пачуць ужо вельмі цяжка:
– Шмат чаго ўжо было апрабавана, мы шмат якіх ідэй закінулі. Вось зараз мы абмяркоўваем гэты сцэнічны дыялог са Злучанымі Штатамі Амерыкі, як гэта павінна быць выканана, каб Беларусь была на парадку дня. Я папрасіла сенатараў, там двое з іх у групе “За дэмакратычную Беларусь” у Сенаце, каб яны часцей падымалі беларускае пытанне, каб накіравалі такую, мы называем гэта study visit, у Варшаву, у Вільню, каб сустракаліся людзі з былымі палітвязнямі, каб сустракаліся людзі з медыя, з праваабарончымі арганізацыямі.
Паводле палітыка, вельмі часта Беларусь узгадваецца ў кантэксце вайны Расея-Украіна, і тое недзе там, збоку:
– Аб тым, што Беларусь – гэта суверэнная краіна, якая не павінна быць у сферы ўплыву Расеі, шмат не кажуць. І толькі калі ты вось прыязджаеш і падымаеш гэтую групу пытанняў на новы ўзровень, тады пачынаюць варушыцца. Казалі шмат пра ядзерку, размаўлялі шмат пра прысутнасць расейскіх вайскоўцаў, а таксама вагнераўцаў у Беларусі. І вось губляецца гэтае поўнае разуменне, што адбываецца ў краіне, і сітуацыя з палітвязнямі, канешне.
Як кажа Святлана Ціханоўская, калі пастаянна не нагадваць, то губляецца ўвага да Беларусі і вельмі цяжка пасля дасягаць нейкіх дамоўленасцяў.
Беларускае Радыё Рацыя