Калі ў Беларусь вернецца амбасадар ЗША?
Мы з’яўляемся сведкамі рэалізацыі дарожнай мапы па паляпшэнні адносінаў ЗША і Беларусі, — такое меркаванне выказаў былы дыпламат, эксперт цэнтру Астрагорскага Ігар Губарэвіч. У сваім артыкуле ў ангельскамоўным выданні Belarus Digest Ігар Губарэвіч адзначае, што нармалізацыя беларуска-амерыканскіх адносінаў пачалася яшчэ ў 2014 годзе.
Ігар Губарэвіч: — Больш лагічна чакаць павелічэння колькасці супрацоўнікаў амерыканскага боку. Вядома, што калісьці ў Менску было да 35 амерыканскіх дыпламатаў, але беларускіх ніколі не было так шмат у Вашынгтоне: чыста па фінансавых прычынах у амбасадзе ў Вашынгтоне працавалі чалавек 7 максімум, а можа і менш. Тут ёсць з чым працаваць і вяртанне амбасадараў будзе ўжо фінальным крокам. Але абедзве краіны ідуць у гэтым кірунку, бо сюды прыязджаў намеснік дзяржсакратара ЗША, той, які курыруе менавіта гэтае пытанне: кадраў, замежных місіяў. І відавочна, што менавіта гэтае пытанне было прадметам перамоваў. І, калі не адбудзецца ў бліжэйшай будучыні нейкі чарговы адкат у беларуска-амерыканскіх дачыненнях, дык наступным крокам будзе пашырэнне складу амбасадаў з абодвух бакоў, а потым ужо і вяртанне амбасадараў, але да гэтага нам яшчэ далекавата. Гэта пытанне можа нават і не наступнага года.
РР: За апошні месяц шмат што адбылося ў міжнароднай палітыцы, прынамсі ў Еўропе ўсё часцей гавораць пра тое, што больш важнай у дачыненнях і з усходнімі і з паўднёвымі суседзямі Еўразвязу з’яўляецца палітычная стабільнасць у гэтых краінах. Наколькі ў беларуска-амерыканскіх дачыненнях змянілася стаўленне Вашынгтона, наколькі яны адыходзяць ад прынцыпу падтрымкі дэмакратыі ў бок стабільнасці і нейтральнасці Беларусі?
— Я думаю, што радыкальных зменаў у пазіцыі заходніх дзяржаў і Вашынгтона нам чакаць не даводзіцца. Безумоўна, яны ўлічваюць новую сітуацыю: як Беларусь павяла сябе ўва ўкраінскім крызісе, што тут стабільны рэжым, які не стварае непасрэднай пагрозы суседзям, не ўвязваецца ў расейскія авантуры. За такія паводзіны Менску ўжо аддзячылі тым, што прыпынілі санкцыі, але пытанне далейшай палітычнай лібералізацыі з парадку дня не здымаецца. Могуць памяняцца нейкія прапорцыі, але я ня бачу такой магчымасці, каб заходнія краіны цалкам заплюшчылі вочы на сітуацыю з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі і кіраваліся толькі пытаннямі стабільнасці. Але гэтага, безумоўна, хацеў бы афіцыйны Менск. Ад іх ідзе такая лінія: давайце супрацоўнічаць па пытаннях міграцыі, па пытаннях незаконнага правозу ядзерных матэрыялаў, абароту наркотыкаў, прымежнага супрацоўніцтва, транзіту. Гэты пасыл будзе ўлічвацца, але ў Менска не выйдзе цалкам падмяніць парадак дня і навязаць такое заходнім краінам. Тут будзе ісці змаганне за прапорцыі. Падзеі апошніх дзён у Беларусі: напрыклад тое, што акцыя апазіцыі не разганялася ўладамі, хоць выбары ўжо прайшлі, сведчаць, што Менск робіць нейкія саступкі ў кірунку палітычнай лібералізацыі, але на вялікія саступкі таксама ісці не хоча. Таму тут абодва бакі шукаюць баланс разумнага і дапушчальнага для сябе.
РР: У Еўропе, прынамсі на ўзроўні некаторых палітыкаў, абмяркоўваецца пытанне стварэння так званай «дарожнай мапы»: што Беларусь магла б зрабіць за гэтыя 4 месяцы прыпыненых персанальных санкцый, каб гэтыя санкцыі або адмянілі або не працягнулі? ЗША прыпынілі санкцыі на 6 месяцаў, ці яны ўжо маюць Беларусі нейкія канкрэтныя мэты і патрабаванні, каб цалкам адмяніць санкцыі?
— Я ўпэўнены, што мапа існуе і ў адным і ў другім выпадку: і ў Амерыкі і ў Еўропы. Безумоўна існуюць гэтыя ўзгодненыя крокі, сярод якіх мы бачылі і вызваленне палітвязняў, і мірнае правядзенне выбараў без эксцэсаў у абмен на прыпыненне санкцыяў. Гэтыя крокі прапісаныя 2 бакамі, у гэтым я ўпэўнены. Такая практыка была і ў ранейшыя гады, падчас папярэдніх спробаў нармалізацыі дачыненняў. На жаль, мы не ведаем і не можам ведаць усіх крокаў, якія там прапісаныя, і можам толькі здагадвацца, але гэта няўдзячная справа. Наступныя месяцы пакажуць, пра што там дамаўляюцца бакі, але я ўпэўенны, што цяперашняе развіццё дачыненняў ідзе менавіта паводле загадзя ўзгодненага плана.
У эфіры нашага радыё Ігар Губарэвіч выказаў меркаванне, што Менск мае дамоўленасці з ЗША і ЕЗ – так званыя «дарожныя мапы», накіраваныя на нармалізацыю адносінаў. Якія абавязацельствы на сябе прынялі бакі, афіцыйна не паведамляецца, але па двухбаковых дзеяннях мінулых месяцаў зразумела, што дамоўленасці існуюць адзначыў эксперт.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя