Калі ёсць эфектыўнасць, тады не трэба ламаць



Аляксандр Лукашэнка 23 сакавіка прыняў з дакладам старшыню Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз (ДКСЭ) Андрэя Шведа.

„Гатовы выслухаць ваш даклад па ўдасканаленні сістэмы судова-медыцынскай экспертызы. Мяне цікавіць той узровень, на які мы выйшлі, асабліва ў параўнанні з Расеяй і іншымі дзяржавамі. Якое ўзаемадзеянне ў гэтым плане з міжнароднымі экспертнымі групамі, крыміналістамі?” — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён нагадаў, што Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз „ствараўся фактычна з нуля”. Да яго ўтварэння ў краіне не была наладжаная сістэмная работа па многіх відах даследаванняў, не хапала і неабходных прыбораў. „Мы паставілі перад сабой задачу выйсці на больш высокі ўзровень у экспертнай дзейнасці па ўсіх напрамках, па ўсіх відах злачынстваў. Ці атрымалася нам гэтую сістэму стварыць, ці здольная яна незалежна, як цяпер, існаваць? Таму што прапаноў шмат: зноў яе падпарадкаваць, перападпарадкаваць. Я не схільны да гэтага, але павінен быць прагрэс. Калі ёсць эфектыўнасць, тады не трэба ламаць”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Швед у сваю чаргу адзначыў, што з моманту ўтварэння ДКСЭ прайшло сем гадоў. Паводле яго слоў, беларуская сістэма судовых экспертыз „унікальная і незалежная, самая лепшая на постсавецкай прасторы”. „Кожны год мы развіваемся, нешта ўдасканальваем”, — дадаў ён.

Пасля сустрэчы з Лукашэнкам ён заявіў журналістам: „У нас створаная ўнікальная, высокаэфектыўная сістэма судова-экспертнага забеспячэння правасуддзя, якая не мае аналагаў. Яе эфектыўнасць сёння пацвярджаецца не толькі вынікамі працы, не толькі тым, што калегі з праваахоўных органаў усё больш і часцей звяртаюцца да нас па дапамогу, таму што разумеюць, што мы можам рэальна ім дапамагчы, але і меркаваннем многіх замежных спецыялістаў, якія ўсё часцей прыязджаюць да нас, у тым ліку павучыцца ў нас нашаму вопыту”, — сказаў Швед. Яго каментар быў паказаны ў эфіры канала СТВ.

Паводле слоў Шведа, толькі ў мінулым годзе прайшлі навучанне больш за 20 груп замежных спецыялістаў, „чаго раней не было ў Рэспубліцы Беларусь”. „Цікавасць вельмі вялікая. У дзясяткі разоў вырасла колькасць наведванняў замежных дэлегацый, якія прыязджаюць пазнаёміцца з нашым вопытам па многіх накірунках”, — распавёў Андрэй Швед.

Паводле афіцыйных звестак, Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз у 2019 годзе правёў амаль 284 тыс. даследаванняў.

БелаПАН