Калі ж адбудуцца бліжэйшыя выбары ў Беларусі?



Аляксандр Лукашэнка называе 2019 год перадвыбарчым. У той час як старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведамляе пра выбары ў 2020 годзе. Яна нагадвае, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі мусяць адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года, а выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — не пазней за 6 верасня 2020 года. Розніца — усяго тыдзень. Палітолаг Юры Чавусаў не схільны лічыць, што выбары нас чакаюць ужо у гэтым годзе.

Апошні тэрмін правядзення выбараў праз паўтара года. І я, у адрозненне ад іншых каментатараў, не схільны лічыць, што інтарэс Ярмошынай атрымаць два бюджэты на два гады (2019 і 2020), на дзве выбарчыя агульнанацыянальныя кампаніі – гэта тое, на што Лукашэнка пойдзе. Наадварот, ён хутчэй захоча скараціць выбарчы працэс за кошт сумяшчэння дзвюх кампаній у межах аднаго года. У рэшце рэшт, такое было ў 2010 годзе.

Старшыня ЦВК пераканая, што дзве выбарчыя кампаніі трэба развесці па розных гадах, але вырашаць гэта будуць кіраўнік дзяржавы і парламент. Папярэднія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі 11 кастрычніка 2015 года, апошнія парламенцкія — 11 верасня 2016 года. Прэзідэнт выбіраецца на 5 гадоў, дэпутаты — на 4.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя