Каля КДБ у Менску затрымалі больш за 10 журналістаў і людзей, якія стаялі ў чарзе
Каля будыну КДБ у Менску затрыманыя журналісты. Пра гэта паспела паведаміць у рэдакцыю TUT.BY яго карэспандэнтка Алена Талкачова, якую таксама затрымалі.
Спіс затрыманых журналістаў 28 ліпеня (Па інфармацыі БАЖ):
- Алена Талкачова (TUT.BY)
- Кацярына Андрэева (Белсат)
- Антон Сяліцкі,
- Галіна Абакунчык (Белсат),
- Ігар Ілляш,
- Наталля Фядосенка (фотакарэспандэнтка агенцтва ТАСС у Мінску),
- Анастасія Кахановіч,
- Максім Гарчанок,
- Таццяна Капітонава,
- Захар Шчарбакоў (БелаПАН)
- Сяргей Сацюк-Грабоўскі (БелаПАН)
Наталля Фядосенка паведаміла ў Маскву, што акрамя яе затрыманыя і журналісты Reuters (інфармацыя ўдакладняецца).
Па інфармацыі БАЖ, супрацоўнікі заяўляюць, што яны вязуць журналістаў для праверкі іх пасведчанняў. На пытанне, у якое РУУС вязуць, супрацоўнікі не адказалі, заявіўшы, што гэта можа сказаць «старэйшы».
Карэспандэнта TUT.BY Алена Талкачова распавяла: „Нас затрымліваў АМАП, везлі нас на двух мікрааўтобусах. Усіх прывезлі ў Заводскае РУУС, намі займаўся намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі, Сяргей Варэйка. Яму патэлефанаваў нейкі генерал, пасля размовы з ім, і праверкі дакументаў нас адпусцілі”.
У 16.30 амаль усіх затрыманых журналістаў адпусцілі з РУУС Заводскага раёна пасля праверкі дакументаў.
Прэс-сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі паведамляе, што па стане на 17:10 з журналістаў не выпусцілі журналістаў Таццяну Капітонаву, Максіма Гарчанка і Насту Кахановіч. Іх не прывозілі ў Завадское РУУС з астатнімі журналістамі, дзе яна на дадзены момант — невядома.
Як паведамляе TUT.BY, у гэты час прысутных АМАП стаў папярэджваць аб тым, што калі людзі проста стаяць ля прыёмнай — гэта будзе лічыцца несанкцыянаваным мітынгам. У адказ людзі паказалі раздрукаваныя хадайніцтвы. Каля 16.40 сем чалавек, якія стаялі ў чарзе, затрымалі. Іх пагрузілі ў мікрааўтобус і павезлі.
„Радыё Свабода” піша, каля 17:01 да прыёмнай КДБ падʼехалі два мікрааўтобусы і затрымалі ўсіх, хто хацеў падаць заяву на паруку. Карэспандэнт „Свабоды” перадае, што затрымлівалі нават наведнікаў кавярні побач з будынкам КДБ.
Таксама вядома, што затрыманы Кастусь Касцян. Ён панёс хадайніцтва аб змене для яго меры стрымання Віктара Бабарыкі. Ён зайшоў у будынак КДБ у 14:20, але па стане на 17:10 яго так і не выпусцілі. Яго чакала дзяўчына, але праз гадзіну ёй сказалі сыходзіць. На яе аргумент, што яна чакае, ёй сказалі: „Хто Вам сказаў, што іх выпусцяць?”
Сёння ў 16 гадзін каардынатар штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава планавала падаваць у КДБ хадайніцтва аб змене для яго меры стрымання. Яна папрасіла неабыякавых беларусаў выступіць паручыцелямі для змены меры стрымання для Віктара Бабарыка.