Каля Мінадукацыі пратэстуюць супраць загону на датэрміновае галасаванне



15 лістапада ў Менску насупраць будынка Міністэрства адукацыі пратэстуюць супраць загону студэнтаў на датэрміновае галасаванне, паведамляе euroradio.

Агітацыйны пікет зладзілі актывісты „Моладзевага блоку”, у ім удзельнічаюць кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Сярод іх — Алана Гебрэмарыям (Грушаўская акруга № 98). На адным з плакатаў змешчана інфармацыя пра крымінальную адказнасць за прымус да галасавання, на іншым — надпіс „Размеркаванне — гэта рабства XXI стагоддзя”. На пікеце ўздымаліся і іншыя важныя для моладзі тэмы. Яго ўдзельнікі заклікалі Міністэрства адукацыі і асабіста міністра Ігара Карпенку „абараняць правы студэнтаў, а не парушаць іх”. Для Карпенкі на тратуары расклалі дыван — яго чакалі на пікеце.

Чыноўнікі глядзелі на акцыю з вокнаў. Каля месца правядзення акцыі знаходзяцца сілавікі ў форме і ў цывільным. Яны здымаюць удзельнікаў пікета на відэа.

Гэта трэцяя акцыя „Моладзевага блоку” ў сталіцы за дзень. Раней пікеты адбыліся каля эканамічнага і лінгвістычнага ўніверсітэтаў.