У Вашынгтоне адбыўся пікет супраць інтэграцыі з Расеяй



Каля беларускага дыппрадстаўніцтва ў ЗША, размешчанага ў Вашынгтоне, 27 снежня адбыўся пікет пад лозунгам „Не саюзу з Расіяй!”. Арганізатарам выступіла Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА).

Нягледзячы на калядныя канікулы, у акцыі ўзялі ўдзел больш за дзесяць беларусаў, якія жывуць у ЗША. Яны лічаць, што НАТА і краіны Захаду не будуць бараніць незалежнасць Беларусі, калі самі беларусы не пачнуць супраціўляцца націску Масквы.

„Гэты пратэст скіраваны ў першую чаргу супраць небяспечнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі па паглыбленні інтэграцыі з Расіяй. Пастка, у якой апынулася Беларусь, — вынік рашэнняў менавіта прэзідэнта Беларусі, які зрабіў за 25 гадоў кіравання нашу краіну цалкам залежнай ад Крамля і падпісаў пагадненне, што з’яўляецца дарожнай картай па ўваходжанні Беларусі ў склад Расіі”, — упэўнены дырэктар БАЗА па палітыцы і сувязях з грамадскасцю Валерый Кавалеўскі.

„Пагаршае сітуацыю тое, што адначасова Лукашэнка пазбавіў Беларусь нармальных адносін з краінамі, якія заўсёды хацелі бачыць яе незалежнай, суверэннай, дэмакратычнай і паспяховай. У выніку Беларусь у свеце ўспрымаюць як сатэліта Расіі, няздольнага на самастойную знешнюю палітыку”, — падкрэсліў Кавалеўскі.

Раней хваля антырасійскіх пратэстаў з удзелам беларусаў пракацілася па розных гарадах Злучаных Штатаў Амерыкі. Людзі выйшлі на вуліцы Нью-Ёрка, Маямі, Лос-Анджэлеса, Філадэльфіі.

Беларуска-амерыканскае задзіночанне — афіцыйна зарэгістраваная ў ЗША арганізацыя беларусаў, выхадцаў з Беларусі, а таксама людзей, якія эмацыйна, генеалагічна або іншым чынам звязаныя з Беларуссю. Існуе з 1949 года. Сёння гэта найбуйнейшая і найстарэйшая беларуская арганізацыя ў ЗША.

belapan.by

Фота: БАЗА