Калякін патрабуе прызнаць выбары па Аршанскай акрузе несапраўднымі



Сяргей Калякін патрабуе прызнаць выбары па Аршанскай гарадской акрузе №25 несапраўднымі.

Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” накіраваў адпаведную скаргу ў Віцебскую абласную выбарчую камісію. Грубыя парушэнні выбарчага заканадаўства, паводле палітыка, былі дапушчаныя як падчас падрыхтоўкі выбараў, так і падчас падвядзення іх вынікаў. Гэта адсутнасць прадстаўнікоў апазіцыі ў складзе выбарчых камісій, перашкоды ў працы назіральнікаў, непразрыстасць падліку галасоў ды іншыя. Калякін лічыць неабходным абскарджваць такія факты:

— Калі мы будзем маўчаць і не будзем гэтага апратэстоўваць, дык вось тая ж Ярмошына казала на адной сустрэчы са мной: «У мяне няма ніякіх скаргаў, усе задаволеныя, ніхто не скардзіцца і ўсе прызнаюць выбары». Улада тады будзе мець магчымасць казаць, што ў нас усё добра. Таму гэта павінны рабіць усе, асабліва ўдзельнікі кампаніі, кандыдаты ў дэпутаты. Тыя хто лічыць, што ўсё гэта несапраўднае, што гэта — падман, павінны апратэстоўваць.

Сяргей Калякін патрабуе прыняць рашэнне аб прызнанні выбараў па Аршанскай гарадской акрузе №25 несапраўднымі, і правесці ў гэтай акрузе паўторныя выбары. Хоць палітык упэўнены ў тым, што яго скарга не будзе разгледжана справядліва, аднак кажа, што трэба фіксаваць усе факты парушэнняў.

Беларускае Радыё Рацыя