Калякін зняўся з выбараў і заклікае галасаваць супраць усіх (абноўлена)
Лідар партыі „Справядлівы свет” Сяргей Калякін паведаміў, што за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты сабрана крыху больш за 64 тысячы подпісаў з неабходных 100 тысяч.
Асноўнай прычынай правалу палітык называе палітычную апатыю беларускага грамадства і страх. Калякін таксама ўпэўнены, што апроч Лукашэнкі, ніхто з прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду не сабраў патрэбную колькасць аўтографаў грамадзян.
Па меркаванні Сяргея Калякіна, неабходную колькасць подпісаў здолела сабраць толькі ініцыятыўная група дзеючага кіраўніка краіны – Аляксандра Лукашэнкі, таму што шырока выкарыстоўвала адміністрацыйны рэсурс. Астатнія групы сабралі менш ста тысячаў, мяркуе Сяргей Калякін:
– Удзел усіх кандыдатаў – гэта будзе добрая воля ўлады, і тыя кандыдаты, у тым ліку і Караткевіч, калі яны пойдуць на выбары на рэгістрацыю і будуць зарэгістраваныя, для нас гэта будзе сведчанне, што каманда “Гавары праўду” пайшла на здзелку з уладай, і мы не будзем разглядаць Караткевіч як дэмакратычнага кандыдата, і будзем заклікаць выбаршчыкаў галасаваць супраць усіх.
Больш за тое, у выпадку такога развіцця падзеяў, мы ня будзем разглядаць у далейшым „Гавары праўду” як дэмакратычную арганізацыю і спынім з ёй усялякае палітычнае супрацоўніцтва. Для нас яна будзе ў адным шэрагу з такімі арганізацыямі, як БРСМ, „Белая Русь” і іншыя праўрадавыя арганізацыі, сказаў Сяргей Калякін.
Тых людзей, якія за яго падпісаліся, Калякін заклікае галасаваць супраць усіх.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск