Каманда Ціханоўскай прэзентавала праект акта аб вызваленні асуджаных паводле палітычных артыкулаў



Каманда Святланы Ціханоўскай 1 ліпеня прэзентавала праект Акта аб вызваленні ад адказнасці і аднаўленні ў правах асоб, якія падвергліся пераследам па палітычных матывах.

Праект дакумента апублікаваны на сайце беларускага дэмакратычнага лідара для публічнага абмеркавання. Ён уключае некалькі блокаў артыкулаў Крымінальнага кодэкса і Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, абвінавачаныя і асуджаныя паводле якіх падлягаюць вызваленню.

Як паведаміў 1 ліпеня на анлайн-прэзентацыі механізма прадстаўнік Ціханоўскай па прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі, акт уключае 21 артыкул КК, асуджаныя і абвінавачаныя згодна з якімі ў перыяд з 8 траўня 2020 года выйдуць на волю і будуць амніставаныя на працягу двух сутак з моманту падпісання дакумента.

Паводле слоў юрыста, гэта абвінавачанні, якія выкарыстоўваліся выключна для рэпрэсій у дачыненні да нязгодных: „абраза прэзідэнта”, „распальванне сацыяльнай варожасці”, „арганізацыя масавых беспарадкаў” і інш.

„Гэта значыць, што Ігар Лосік і Павел Севярынец, Сяргей Ціханоўскі, Вольга Залатар, Марыя Калеснікава, Максім Знак і яшчэ больш за тысячу людзей вернуцца дадому на працягу двух дзён. Гэты спіс значна шырэйшы, чым база палітвязняў, прызнаных праваабаронцамі”, — падкрэсліў дарадца Ціханоўскай.

Згодна з дакументам, будуць таксама вызваленыя абвінавачаныя і асуджаныя паводле непалітычных артыкулаў, на падставе якіх „часта абвінавачваюць непажаданых прадпрымальнікаў або кіраўнікоў СМІ”: эканамічныя злачынствы, нявыплата падаткаў, карупцыя і іншае, адзначыў Зікрацкі. Паводле абвінавачання ў такіх злачынствах пад вартай знаходзяцца экс-банкір Віктар Бабарыка і іншыя ўдзельнікі справы „Белгазпрамбанка”, галоўны рэдактар і супрацоўнікі партала tut.by, фігуранты справы „Прэс-клуба” і іншыя.

Паколькі, як растлумачыў Зікрацкі, паводле гэтых артыкулаў „караюць і рэальных злачынцаў”, людзі, у дачыненні да якіх былі распачатыя такія крымінальныя справы з 8 мая 2020 года, атрымаюць магчымасць „перагляду справы ў сумленным судзе”, а да гэтага моманту будуць вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе. „Мы ўпэўненыя, большасць з гэтых спраў будзе закрытая пры пераглядзе”, — заявіў дарадца Ціханоўскай.

Праект дакумента таксама закранае грамадзян, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці паводле „палітычных” артыкулаў КоАП (артыкулы 24.3, 24.23) пасля 8 мая 2020 года. „Усе, хто яшчэ адбывае суткі, будуць вызваленыя на працягу дня, а ўсе, хто выплаціў штрафы, змогуць у будучыні атрымаць кампенсацыі”, — заявіў Зікрацкі.

Усе звольненыя па палітычных матывах з 8 мая 2020, згодна з актам, падлягаюць аднаўленню на працы, адзначыў ён.

Зікрацкі падкрэсліў, што ўсе амніставаныя і вызваленыя змогуць удзельнічаць у новых выбарах прэзідэнта, у тым ліку ў перыяд чакання перагляду сваёй справы.

belapan.by