Каманды Бабарыкі і Цапкалы будуць абскарджваць рашэнне ЦВК у судзе



Цэнтрвыбаркам Беларусі зарэгістраваў 5 кандыдатаў у прэзідэнты на прадстаячых 9 жніўня выбарах. Двум асноўным альтэрнатыўным прэтэндэнтам, ініцыятыўныя групы якіх назбіралі найбольш подпісаў, – Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу, у рэгістрацыі адмоўлена.

Пасля паседжання прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава, назвала адмову ў рэгістрацыі праяўленнем слабасці ўлады:

– У прамым эфіры бачылі, якое бязладдзе робіцца. Улада, нягледзячы на тое, што альтэрнатыўныя кандыдаты зараз знаходзяцца ў турме і не могуць весці выбарчую дзейнасць, настолькі слабая і так спалохалася, што не дапусціла Віктара Дзмітрыевіча Бабарыку да выбарчага працэсу.

Каманда Віктара Бабарыкі не згодная з рашэннем Цэнтрвыбаркаму і збіраецца абскардзіць яго ў судзе.

Таксама барацьбу працягне і каманда Валерыя Цапкалы. Па словах кіраўніка яго штабу Андрэя Ланкіна, рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі буде абскарджана:

– Нас не зарэгістравалі. Мы былі гатовыя да гэтага рашэння ЦВК ужо больш за месяц. І гэта ніяк не паўплывае на нашыя далейшыя планы па ўдзеле ў гэтай выбарчай кампаніі. Першае, мы абскардзім рашэнне ЦВК у Вярхоўным судзе.

Такім чынам, кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістраваны 5 чалавек. Гэта Сяргей Чэрачэнь,  кіраўнік партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Андрэй Дзмітрыеў, сустрашыня грамадскай ініцыятывы „Гавары Праўду”, Ганна Канапацкая, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, жонка арыштаванага блогера Сяргея Ціханоўскага Святлана Ціханоўская і дзеючы кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, які балатуецца ўжо шосты раз.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота: vybory.ej.by