Каманды дэмакратычных сілаў правялі супольную сустрэчу і абмеркавалі «План перамогі-2021»
Каманды беларускіх дэмакратычных лідараў правялі сумесную сустрэчу, на якой абмеркавалі „План перамогі-2021”, паведамляе телеграм-канал Святланы Ціханоўскай.
У сустрэчы ўзялі ўдзел сама Ціханоўская, лідар Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка, Вераніка і Валерый Цапкала ды іншыя прадстаўнікі дэмакратычнага руху. Быў выпрацаваны шэраг напрамкаў, па якіх мае адбыцца праца.
У прыватнасці, мяркуецца накіраваць намаганні на дапамогу людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій; нарошчванне пратэснай актыўнасці; эканамічны і палітычны ціск на рэжым; падтрымку мясцовых супольнасцяў; стварэнне бяспечных інструментаў для выражэння голасу большасці; павелічэнне падтрымкі дэмакратычных сіл з боку дзяржслужачых, а таксама на вяртанне законнасці і пакарання вінаватых у гвалце.
У офісе Ціханоўскай перакананыя, што 2021 год – „час дзейнічаць, мабілізаваць усе рэсурсы, дэманстраваць, што нас большасць”. Ужо пачата падрыхтоўка сумесных лютаўскіх кампаній.
Дэталі плана ўдзельнікі кааліцыі маюць намер раскрыць на наступным тыдні.
Беларускае Радыё Рацыя