Камароўскі будзе балатавацца на другі тэрмін



Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы пройдуць 10-га траўня. Дату выбараў афіцыйна агучыў маршалак Сейма Радаслаў Сікорскі. Калі ніводзін кандыдат не набярэ неабходнай колькасці галасоў, то другі тур выбараў пройдзе 24-га траўня:

– Перад намі тры месяцы выбарчай кампаніі на найвышэйшую пасаду ў Польшчы. Жадаю нам усім, каб гэта кампанія прайшла ў духу ўзаемнай павагі і дыскусіі пра Польшчу. Перад намі некалькі тыдняў напрацягу якіх кандыдатам спатрабіцца падтрымка 100 тысяч землякоў, каб мець магчымасць зарэгістраваць свае кандыдатуры – маюць на гэта час да 26 сакавіка.

У час сённяшняй прэс-канферэнцыі ў прэзідэнцкім палацыі Бельведэр прэзідэнт Браніслаў Камароўскі афіцыйна заявіў, што будзе балатавацца на другі прэзідэнцкі тэрмін:

– Мы ўжо ведаем тэрмін, калі адбудуцца выбары, таму прыйшоў час і маёй заявы. Збіраюся зноў балатавацца ў прэзідэнты Польшчы. Мяне заахвочваюць да гэтага высокія ацэнкі маёй працы, высокі ўзровень даверу. Бачу ў гэтым прыняццё прапанаванай мной і рэалізаванай напрацягу пяці гадоў мадэлі прэзідэнцтва, якая абапіраецца на дыялог, супрацу і пошук таго, што нас яднае, а не падзяляе.

„Вельмі важна, што грамадская падтрымка маёй кандыдатуры мае надпартыйны характар. Тыя, хто ў 2010 годзе галасаваў за іншых кандыдатаў, сёння падтрымліваюць мяне”, – выказаў упэўненасць дзейны прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.

Беларускае Радыё Рацыя