Камітэт ААН па правах чалавека ўстанавіў парушэнне права на жыццё



Камітэт ААН па правах чалавека ўстанавіў парушэнне права на жыццё асуджанага беларускім судом да смяротнага пакарання Алега Грышкаўцова. Пра гэта паведаміў юрыст Раман Кісляк, які прадстаўляе аўтара скаргі ў гэтым міжнародным органе.

Па словах Кісляка, з атрыманага ім рашэння па гэтай справе вынікае, што камітэт прызнае прымус да дачы прызнальных паказанняў з ужываннем у дачыненні да яго фізічнага і псіхалагічнага гвалту:

– Было парушана права на абарону, права не падвяргацца прымусу дачы сведчанняў супраць сябе. Былі ўстаноўлены факты, што ў адносінах да Грышкаўцова прымяняліся катаванні, збіццё, фізічны і псіхалагічны гват. Заявы Грышкаўцова не былі расследаваныя належным чынам. Камітэт таксама ўстанавіў  парушэнне права на жыццё, таму што судовае разбіральніцтва, па выніках якога быў прысуджаны смяротны вырак, не адказвала мінімальным патрабаванням справядлівага правасуддзя.

Кісляк дадаў, што Камітэт ААН па правах чалавека пры рэгістрацыі скаргі Грышкаўцова запатрабаваў ад беларускіх уладаў не прыводзіць смяротны прысуд у выкананне, пакуль справа не будзе разгледжана. Але ў 2011 годзе Грышкаўцоў быў расстраляны, як мяркуецца, разам з іншым прыгавораным да смерці Андрэем Бурдыкам.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: job-sbu.org