Камітэт Дзярждумы зацвердзіў кандыдатуру новага пасла Расеі ў Беларусі
Камітэт Дзяржаўнай думы Расеі па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі зацвердзіў кандыдатуру Яўгена Лук’янава на пасаду новага пасла Расеі ў Беларусі.
Па выніках пасяджэння Камітэта рыхтуецца матывавальнае заключэнне, якое накіроўваецца прэзідэнту Расеі, паведамляе «Інтэрфакс-Захад».
«У кожнага амбасадара ёсць свой тэрмін, які вызначае прэзідэнт. Значыць, прэзідэнт вырашыў такім чынам» — пракаментаваў агенцтву змену пасла намеснік міністра замежных спраў Андрэй Рудэнка.
Яўген Лук’янаў зараз з’яўляецца паслом Расеі ў Латвіі. Ён павінен будзе змяніць у Менску Дзмітрыя Мезенцава. Такім чынам, Масква за тры гады можа змяніць трэцяга свайго прадстаўніка ў Менску.
Да свайго прызначэння на пасаду амбасадара ў Латвіі Лук’янаў служыў намеснікам сакратара Рады бяспекі РФ і займаўся міжнароднымі пытаннямі.
Ён у 1974 годзе скончыў Ленінградскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «ангельская мова і літаратура», працаваў інжынерам-перакладчыкам на абаронным прадпрыемстве НДІ «Імпульс», быў у кіраўніцтве Ленінградскай арганізацыі Саюза журналістаў СССР.
Затым працаваў у МЗС СССР, а з 1990-га па 1991-ы з’яўляўся намеснікам дырэктара Эрмітажа. З 1993 па 2006 год займаў кіруючыя пасады ў «Дрэзднер-банку» і ВТБ. У 2006 годзе вярнуўся на дзяржслужбу ў сталае прадстаўніцтва прэзідэнта РФ у Паўночна-Заходняй федэральнай акрузе, у 2007 годзе стаў намеснікам паўнамоцнага прадстаўніка, а затым сышоў працаваць у Савет Бяспекі.
СМІ прадказваюць Дзмітрыю Мезенцаву пасаду дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы пасля сыходу ў адстаўку Рыгора Рапоты.