Кампанія назірання “Права выбару” сфармавала план дзейнасці
Кампанія назірання “Права выбару” пашырыла склад удзельнікаў і распрацоўвае змены ў выбарчае заканадаўства. Такія вынікі першага пасяджэнне рады кампаніі. Як расказаў удзельнік сустрэчы Віталь Рымашэўскі, да прадстаўнікоў арганізацый-заснавальнікаў кампаніі: Беларускай сацыял-дэмакратычный партыі (Грамада), Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, кампаніі „Гавары праўду”, Партыі БНФ і Руху „За свабоду” – далучаецца Беларуская партыя „Зялёныя” і Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці. Палітык распавёў і пра іншыя вынікі пасяджэння:
– Складзены вялікі план гэтай кампаніі. Па сутнасці ў сакавіку будзе абвішчана прапанова да грамадзян Рэспублікі Беларусь актыўна далучацца. Таму што асноўная мэта кампаніі назірання – гэта прыцягнуць новых сяброў, простых беларусаў, якія магчыма раней не бралі ўдзел – ні ў палітычным, ні ў грамадскім жыцці, яны змаглі б стаць назіральнікамі і пабачыць, як у нас фальсіфікуюцца выбары. Таму што кожны валанцёр, кожны чалавек, які ўдзельнічае ў назіраннях, гэта для яго адмысловая шокавая тэрапія, і заўсёды затам ён пра ўсё гэта распавядае знаёмым, сябрам…
«Акрамя таго, прынятае рашэнне прапанаваць пакет зменаў і дапаўненняў у выбарчае заканадаўства, якія дазволяць зрабіць выбарчы працэс максімальна празрыстым і стварыць механізм рэальнага падліку вынікаў галасавання», – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя