„Права выбару” мабілізуе рэгіянальных назіральнікаў



Сумесна назіраць за сёлетнімі выбарамі ў Гарадзенскай вобласці вырашылі прадстаўнікі некалькіх палітычных партыяў дэмакратычнага кірунку.

P1220758

Кампанія „Права выбару” пасьпяхова паказала сваю працу на мінулых выбарах, калі былі зафіксаваны шматлікія парушэньні заканадаўства. Яны далі падставы прызнаць міжнароднай супольнасцю выбары непразрыстымі і недэмакратычнымі.

Пра задачы гэтай агульнанацыянальнай кампаніі па назіранні за выбарамі кажа яе прадстаўнік з Менску Дзяніс Садоўскі:

– З года ў год, на жаль, сітуацыя з выбарамі не мяняецца. У Беларусі выбараў няма. І ніякіх падстаў лічыць, што гэтым разам яны будуць, таксама няма. Але ўсе палітычныя структуры, якія ўдзельнічаюць у кампаніі назірання, будуць вылучаць сваіх кандыдатаў. Таму для кандыдата, безумоўна, важна паказаць і грамадзянам, і міжнароднай супольнасці , як насамрэч адбываюцца ў нас выбары. Галоўная задача – сабраць факты фальсіфікацыі, факты маніпуляцыі з яўкай і прадэманстраваць іх як грамадзянам Беларусі, так і міжнароднай супольнасьці.

Сёлета да кампаніі “Права выбару” далучылася Аб’яднаная грамадзянская партыя.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара