Кампанія супраць смяротнага пакарання ў Гародні
У межах кампаніі ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця адбыўся прагляд фільма “Курумім”, а таксама дыскусія па тэме смяротнага пакарання.
Пра актуальнасць тэмы смяротнага пакарання распавядае праваабаронца і журналіст Уладзімір Хільмановіч:
– Мы – апошняя краіна ў Еўропе, дзе ёсць смяротнае пакаранне. І людзі адукаваныя адчуваюць ганебнасць такой сітуацыі, сорам і ненармальнасць таго, што ў ХХІ стагоддзі такім дзікім чынам ажыццяўляюцца забойствы ад імя дзяржвы ў еўрапейскай краіне, якая геаграфічна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. І таму невыпадкова гэты грамадскі розгалас становіцца ўсё большы. Праводзіцца ўсё больш круглых сталоў, дыскусійных мерапрыемстваў на тэму смяротнага пакарання. І актыўнасць і цікавасць, як мы сёння бачым, даволі значныя.
Некаторыя гарадзенцы, што прыйшлі на сустрэчу, таксама выказалі сваю думку наконт смяротнага пакарання:
– Гэта тое, што можа тычыцца кожнага. Гэта сапраўды вялікая праблема для краіны. І, з аднаго боку, для таго, на каго накіравана гэтае пакаранне, і для таго, хто абвяшчае яго. Псіхалагічны стан вельмі цяжкі, бо цяжка разумець, што ты забіваеш людзей.
– Тэма смяротнага пакарання актуальная, бо зараз адбываецца рух у бок еўрапеізацыі, правоў чалавека. Смяротная кара, я лічу, недапушчальная. І тым больш, што смяротнае пакаранне выкарыстоўваецца па палітычных прычынах уладамі Беларусі.
У межах Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Гародні адбыўся шэраг мерпрыемстваў: гэта раздача незалежнай прэсы, дыскусія і прагляд кіно, а таксама цыкл сустрэчаў у незалежнай пляцоўцы “Партал”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота: Сяргей Апановіч