Каму не падабаецца Дзень Волі?
Улады дазволілі правядзенне Дня Волі ў працоўны час, што ўскладняе многім магчымасць прыйсці не мерапрыемства. Навошта гэтыя “палкі ў колы” і так нешматлікім акцыям? Сваімі меркаваннямі дзеліцца намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі.
Юрась Беленькі: Гэта не навіна. Тут уся сутнасць улады і яе адносіны да нацыянальнага свята. Ніяк не можа яна паводзіць сябе, скажам так, прыстойна. Усё робіцца для таго, каб у людзей склалася ў падкорцы свядомасці, што, маўляў, удзел у такім святкаванні – гэта патэнцыйная пагроза. Каб народ не прыходзіў, падумаў іншы раз… Нават калі і дазваляюць правядзенне мерапрыемства, то ў непрэзентабельным месцы. Гэта ўсё на паверхні, сістэма працуе ўжо не першы год. І так сістэма адносіцца да ўсяго беларускага – да мовы, да беларусаў, якія быццам бы “русские”. Зараз жа крытэрыем стаўлення да нас з’яўляецца Украіна. Да мінулага ж года не казалі, что і ўкраінцы “неданацыя”.
РР: Вы маеце на ўвазе палітыку Крамля?
Юрась Беленькі: Так. Масква ціха рабіла сваю справу праз Януковіча, а пасля таго, як да ўлады прыйшлі праўкраінскія сілы, адразу выявілася яе сутнасць. І трэба сказаць, што да нас яны ставяцца такім жа самым чынам. Таму не трэба мець ілюзій. Расейская агрэсіўная палітыка была і застаецца. І, калі сёння стасункі паміж Беларуссю і Расеяй знешне добрыя, то ніхто не ведае, што будзе заўтра. Яшчэ Кацярына знішчала ўсё беларускае, а сёння, як кажуць, што не знішчыць рускі штык, тое знішчыць руская школа. Гэта ўніверсальная формула расейскай імперыі – што ў адносінах да Украіны, што да Беларусі. І на гэтыя рэчы трэба глядзець цвяроза. Тады лагічна выглядаюць адносіны розных прарасейскіх сілаў і беларускіх уладаў да нашых нацыянальных святаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота vytoki.net