Каму патрэбна такая ўлада?



За апошнія паўгода больш за сотню слонімцаў, якія выступаюць у Беларусі за перамены, былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па сумнавядомаму артыкулу 23.24 КаАП за, нібыта, удзел у “несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах”. Несанкцыянаванымі масавымі мерапрыемствамі слонімскія вертыкальшчыкі і міліцыя лічаць збор подпісаў за адкліканне дэпутата парламента, бела-чырвона-белы сцяг на балконе, сумеснае абмеркаванне жыццёвых праблем і г.д.

Вертыкальшчыкі Слонімскага райвыканкама і супрацоўнікі Слонімскага РАУС заяўляюць пра тое, што, калі  грамадзяне хочуць публічна выказацца, ім неабходна для гэтага атрымаць у Слонімскім райвыканкаме дазвол. Толькі вось бяда ў тым, што атрымаць дазвол на ўсё проста немагчыма. За апошнія 20 гадоў слонімскія вертыкальшчыкі ніводнага разу не далі дазволу сябрам Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл і проста слонімцам на правядзенне пікету ці мітынгу. Гэтых вертыкальшчыкаў у Слоніме ўжо змянілася шмат, а адказы на звароты правядзення мерапрыемстваў адны і тыя ж: “не дазволіць”, “нельга”, “у выпадку нязгоды можаце аспрэчваць у судовым парадку”. Такое адчуванне, што пісаць больш і інакш мясцовыя вертыкальшчыкі не могуць. Адным словам, дазволу не даюць, але потым лёгка абвінавачваюць людзей у парушэнні законаў. Хаця самі вертыкальшчыкі і парушаюць гэтыя законы. А людзей да сённяшніх дзён у Слоніме затрымліваюць, судзяць, даюць штрафы, саджаюць на суткі. Як пасля гэтага можна адносіцца да такой мясцовай улады? І ці патрэбна людзям такая антынародная і нелегітымная ўлада?  Вось у чым сутнасць…    

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя