Каму патрэбны фантомныя партыі?



Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін выказаў сваё меркаванне адносна партый-фантомаў, якія актывізуюцца падчас палітычных кампаній.

Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя звычайна з’яўляецца на палітычным полі толькі тады, калі неабходна ўкамплектаваць выбарчыя камісіі розных роўняў. На гэтыя парламенцкія выбары гэтая структура вылучыла аднаго чалавека па Менску.

А Беларуская аграрная партыя і Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды наогул не вылучылі ніводнага кандыдата.

Сяргей Калякін: Пра партыі-фантомы вядома ўжо даўно. Яны патрэбны ўладзе, бо згодна з заканадаўствам, 30 адсоткаў у выбарчых камісіях павінны складаць прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Вось фантомы гэтую функцыю і выконваюць. Іх прадстаўнікой уключаюць у камісіі, а не ад апазіцыйных партый.

Напрыклад, паглядзіце, што адбываецца на гэтых парламенцкіх выбарах. Беларуская агарарная партыя вылучыла ў камісіі ў сталіцы 900 сваіх прадстаўнікоў. Аграрная партыя ў Менску – гэта проста анекдот! Пры тым, што на выбары ад партыі не вылучыўся ніводны кандыдат. Але, як бачым, такая сітуацыя – норма для нашай сістэмы.

РР: Такія партыі-фантомы – гэта дрэнна для развіцця палітычнай сістэмы ў краіне?

Сяргей Калякін: Безумоўна, бо скажаюць рэальную сітуацыю. Але тут трэба адзначыць, што ў гэтым спектаклі даюць згоду прымаць удзел і нашы людзі. Вядома, што ў працоўных калектывах, калі вылучаюць прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, людзям даюць спіс партый, ад якіх можна вылучыцца. Хаця чалавек рэальна ні ў якія партыі не ўступаў, у партыйных мерапрыемствах не ўдзельнічаў, унёскі не плаціў.

І яшчэ трэба разумець, што ўлада ніякім чынам гэтую сістэму не хацела б змяняць. Яна наогул хацела б яе навечна закансерваваць, бо адчувае тут сябе, як рыба ў вадзе. Фактычна гэта – узурпацыя ўлады пры дапамозе маніпуляцый.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belaruspartisan.by