Канада анансавала новыя санкцыі супраць Беларусі
Міністэрства замежных спраў Канады анансавала новыя санкцыі супраць Беларусі. Яны ўводзяцца з-за вайны Расеі супраць Украіны. Як паведамляе Reuters, пад дадатковыя санкцыі Канады трапяць 16 беларускіх кампаній, якія займаюцца вайсковай вытворчасцю, тэхналогіямі, банкаўскай справай і чыгуначнымі перавозкамі, а таксама 22 чыноўнікі. Сярод апошніх ёсць тыя, хто „датычны да размяшчэння і транспартавання расейскага вайсковага персаналу і тэхнікі, якія ўдзельнічалі ва ўварванні ва Украіну”.
Вясной Канада ўжо ўводзіла персанальныя санкцыі супраць грамадзян Беларусі. Сярод іх былі тры генералы, якія „спрыялі ўварванню Пуціна ва Украіну”. Яшчэ адна група сілавікоў трапіла пад канадскія санкцыі раней. У чэрвені Канада пашырыла санкцыі, у „чорны спіс” трапілі 13 беларусаў (у тым ліку міністр замежных спраў Уладзімір Макей) і два прадпрыемствы з Беларусі („Белтэлерадыёкампанія” і „Белмытсервіс”).
Беларускае Радыё Рацыя