Канада далучылася да новых санкцый ЕЗ супраць беларускіх чыноўнікаў
Канада паведаміла аб далучэнні да новых санкцый Еўразвяза ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.
„У каардынацыі з Еўрапейскім звязам сёння Канада ўводзіць дадатковыя санкцыі ў дачыненні да яшчэ 13 урадавых чыноўнікаў Беларусі. Канада і ЕЗ працягваюць падзяляць сур’ёзную заклапочанасць сітуацыяй у Беларусі”, — гаворыцца ў заяве канадскага знешнепалітычнага ведамства.
„Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года беларускі ўрад вядзе сістэматычную кампанію рэпрэсій і гвалту, які заахвочваецца дзяржавай, супраць грамадскіх пратэстаў і дзейнасці апазіцыйных груп. Канада па-ранейшаму глыбока заклапочаная паступленнем дакументальна пацверджаных паведамленняў аб парушэннях правоў чалавека, у тым ліку свабоды прэсы, выказвання меркаванняў і мірных сходаў”, — адзначаецца ў рэлізе.
Афіцыйная Атава падкрэслівае, што Канада і ЕЗ працягнуць сумесную працу, каб іх калектыўная рэакцыя на сітуацыю ў Беларусі падтрымлівала правы і законныя дэмакратычныя памкненні беларускага народа.
„Нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасці да Аляксандра Лукашэнкі спыніць гвалт у Беларусі, яго рэжым працягвае агрэсію. Адказныя за рэпрэсіі супраць беларускага народа сутыкнуцца з ростам націску ў выглядзе адрасных санкцый. Канада будзе і надалей цвёрда падтрымліваць беларускі народ у яго барацьбе за мір”, — заявіў міністр замежных спраў краіны Франсуа-Філіп Шампань.
У канадскім спісе чыноўнікаў, якія трапілі пад санкцыі, на два прозвішчы менш, чым у апублікаваным сёння спісе ЕЗ, таму што санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і яго старэйшага сына Віктара паўночнаамерыканская краіна ўвяла 29 верасня. Санкцыі Атавы прадугледжваюць замарожванне актываў, забарону канадцам, якія жывуць на радзіме і за мяжой, ажыццяўляць здзелкі з любой маёмасцю гэтых чыноўнікаў, аказваць ім фінансавыя і звязаныя з імі паслугі. Асобам, якія трапілі пад санкцыі, забаронены ўезд у Канаду.