Канада заклікала да правядзення свабодных і справядлівых выбараў



„Канада далучаецца да сваіх партнёраў па міжнароднай супольнасці, якія асуджаюць рэпрэсіі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі”, — заявіў міністр замежных спраў краіны Франсуа-Філіп Шампань, паведамляе сайт МЗС Канады.

Канада „не прызнае вынікі сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў” і патрабуе „правядзення свабодных і справядлівых выбараў”, падкрэсліў ён.

Акрамя таго, Канада заклікае пры пасрэдніцтве АБСЕ старанна расследаваць тое, што адбылося. „Тысячы людзей паўсюль у Беларусі выходзяць на вуліцы і патрабуюць пакласці канец паліцэйскаму гвалту, вызвалення палітвязняў і правядзення выбараў, якія заслугоўваюць даверу”, — зазначыў Шампань.

Міністр паведаміў, што 15 жніўня размаўляў па тэлефоне з кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай і паабяцаў ёй, што Канада працягне падтрымліваць беларускі народ.

„З нашымі міжнароднымі партнёрамі мы будзем працаваць над тым, каб яго голас быў пачуты, а вінаватыя ў замаху на дэмакратыю і брутальных акцыях супраць дэманстрантаў былі прыцягнуты да адказнасці”, — заявіў Шампань.

Вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, на якіх, паводле сцвярджэння ЦВК, перамог Аляксандр Лукашэнка з 80% галасоў, раней не прызналі Еўрасаюз, ЗША, Украіна, Вялікабрытанія. Кіраўнікі шэрагу краін СНД, у тым ліку прэзідэнт Расіі, павіншавалі Лукашэнку.

belapan.by