Канапацкай не прадставілі прапановы расейскага боку па развіцці інтэграцыі



Дэпутату Палаты прадстаўнікоў Ганне Канапацкай не прадставілі прапановы расейскага боку па развіцці інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook. Дэпутат апублікавала адказ кіраўніка беларускай інтэграцыйнай рабочай групы, міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога на яе запыт прадставіць дакументы з прапановамі, атрыманымі ад расійскай групы, і адказы на іх беларускага боку.

„Дакументы, праца над якімі вядзецца цяпер рабочай групай па выпрацоўцы прапаноў аб далейшым развіцці беларуска-расійскай інтэграцыі, знаходзяцца на стадыі аналізу выканання раней дасягнутых інтэграцыйных дамоўленасцяў. Пры гэтым збіраюцца экспертныя ацэнкі бакоў па розных аспектах інтэграцыі, праводзяцца двухбаковыя перамовы зацікаўленых ведамстваў”, — паведамляецца ў адказе Крутога.

Як адзначае Канапацкая, гэта інфармацыя не з’яўляецца сакрэтнай і павінна быць адкрытай для грамадзян Расіі і Беларусі.

Раней дэпутат неаднаразова выказвала думку, што для эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расіі дастаткова Еўразійскага эканамічнага саюза. Таксама яна агучвала меркаванне, што Палата прадстаўнікоў можа ініцыяваць рэферэндум аб адмене дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

„Я як дэпутат Палаты прадстаўнікоў кажу, што сёння мы павінны аб’яднацца, каб дагавор аб Саюзнай дзяржаве быў адменены. Палата прадстаўнікоў можа быць тым дзяржаўным органам, які можа прапанаваць рэферэндум аб адмене дагавора. Беларусь — незалежная дзяржава, і яна павінна мець нармальныя адносіны як на Усходзе, так і на Захадзе”, — заявіла Канапацкая, выступаючы 24 сакавіка ў сталічным Кіеўскім скверы на мітынгу да Дня Волі.

З ініцыятывай перагледзець падыходы да інтэграцыі ў Маскве загаварылі некалькі месяцаў таму. Пры гэтым са ступенню інтэграцыі Крэмль увязвае далейшае льгатаванне беларускай эканомікі. На апошнім пасяджэнні саюзнага Савета міністраў — 13 снежня 2018 года ў Брэсце — кіраўнік расійскага ўрада Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што Расія гатовая прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда і падліковай палаты.

Па дамоўленасці прэзідэнтаў Беларусі і Расеі на ўзроўні ўрадаў створана рабочая група па праблемных пытаннях інтэграцыі.

Пра тое, што Расея перадала Беларусі пакет прапаноў па далейшым паглыбленні інтэграцыі, стала вядома ў пачатку сакавіка са СМІ. 22 сакавіка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей пацвердзіў атрыманне такіх прапаноў, але не стаў раскрываць іх сутнасць.

belapan.by