Канапацкая адмовілася ад тэледэбатаў: Мне неўзабаве яшчэ краінай кіраваць
Кандыдат у прэзідэнты былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая адмовілася ад удзелу ў тэледэбатах.
Пра гэтае рашэнне яна паведаміла на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” „з цяжкім сэрцам і вялікім шкадаваннем”.
„Два мае канкурэнты з-за ўласнай дурасці і прагнасці рашучымі дзеяннямі свайго былога гаспадара ліквідаваныя. І, здаецца, трэба быць задаволенай. Быццам усё ідзе паводле плана. Аднак, як чалавек дарослы і адказны палітык, не магу дазволіць сабе пераступіць праз маральна-этычнае. У сітуацыі самаўхілення ад прадугледжаных законам публічных зносін у тэледэбатах на вачах выбаршчыкаў майго адзінага рэальнага суперніка, аддаючы сабе справаздачу ў істотнай перавазе над сваімі астатнімі канкурэнтамі, разумеючы ўсю адказнасць за захаванасць і ўстойлівасць псіхічнага здароўя некаторага ліку з іх прыхільнікаў, лічу неабходным заявіць. Як дасведчаны і вопытны палітык, я не маю ні права, ні жадання змагацца з загадзя больш слабымі апанентамі. Удзельнічаць у дзіцячым шоу пракрамлёўскіх марыянетак, якое складаецца з хлопчыкаў-спойлераў і дзяўчынак-рагатушак, дазволіць сабе не магу ніяк. Мне неўзабаве яшчэ кіраваць краінай”, — напісала Канапацкая.
Яна паведаміла, што 20 ліпеня накіруе афіцыйны ліст у Цэнтральную камісію па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў з паведамленнем аб адмове ад удзелу ў тэледэбатах і прапановай пераразмеркаваць дадзены законам час сярод іншых кандыдатаў альбо іх давераных асоб.
Тэледэбаты кандыдатаў у прэзідэнты запланаваныя 30 ліпеня.
belapan.by