Канапацкая: Асуджаныя па арт. 328 мусяць падпасці пад амністыю



Асуджаныя на падставе артыкула 328 Крымінальнага кодэкса павінны падпасці пад закон „Аб амністыі”, які будзе распрацаваны з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Такое меркаванне выказала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая 27 лютага ў Менску на круглым стале, прысвечаным перспектывам змены гэтага артыкула, які тычыцца незаконнага абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў.

25 лютага Аляксандр Лукашэнка даў распараджэнне распрацаваць законапраект аб амністыі на сустрэчы са старшынёй Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам.

Паводле слоў Канапацкай, яна будзе выкарыстоўваць свае паўнамоцтвы, „каб была адмененая заганная практыка”, згодна з якой асуджаныя на падставе арт. 328 не ўключаюцца ў спіс катэгорый зняволеных, да якіх прымяняецца амністыя. Канапацкая адзначыла, што ў дзейным заканадаўстве няма перашкод для ўключэння асуджаных па першых дзвюх частках (усяго пяць) арт. 328 у лік тых, да каго можа быць прымененая амністыя.

„Важна, каб пры распрацоўцы законапраекта „Аб амністыі” асуджаныя на падставе арт. 328 не засталіся ізгоямі, якімі з’яўляюцца на працягу многіх гадоў”, — сказала дэпутат.

Канапацкая адзначыла, што ў 2015 годзе, калі апошні раз абвяшчалася амністыя, у адпаведным законе была прамая забарона на ўжыванне амністыі да асуджаных па ўсіх частках гэтага артыкула.

З 1991 года ў краіне праведзена 14 амністый. Згодна з амністыяй 2015 года на свабоду выйшла каля 9 тыс. асуджаных.

У праграме „Размова ў прэзідэнта” тэлеканала „Беларусь 1” Валянцін Сукала паведаміў, што чаканая амністыя, магчыма, будзе больш шырокая, чым звычайна.

belapan.by