Канапацкая не будзе праводзіць пікеты?
Па стане на 20 ліпеня кандыдат у прэзідэнты Ганна Канапацкая і яе давераныя асобы не падалі ніводнага паведамлення аб правядзенні перадвыбарных пікетаў у паведамляльным парадку, сведчаць звесткі, апублікаваныя на сайце Цэнтрвыбаркама.
Разам з тым яе канкурэнты на выбарах актыўна карыстаюцца магчымасцю правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў у паведамляльным парадку.
Каманда Аляксандра Лукашэнкі падала 45 паведамленняў пра 884 мерапрыемствы, з якіх у Гомельскай вобласці – 549, Магілёўскай – 190, у Менску – 144, Берасцейскай вобласці – 1.
Каманда Андрэя Дзмітрыева падала 32 паведамленні пра 214 масавых мерапрыемстваў, з іх у Менску – 145, Гомельскай вобласці – 46, Берасцейскай – 20, Віцебскай, Гарадзенскай і Менскай – па 1.
Святлана Ціханоўская і яе давераныя асобы падалі 10 паведамленняў пра 160 мерапрыемстваў, пераважна ў Менску – 156, а таксама пра 1 у Магілёўскай і Гомельскай абласцях, пра 2 – у Менскай.
Каманда Сяргея Чэрачня падала 6 паведамленняў пра 138 масавых мерапрыемстваў, усе плануецца правесці ў Менску.
18 ліпеня Ганна Канапацкая напісала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», што адмаўляецца ад удзелу ў тэледэбатах. Гэтае рашэнне, зазначыла яна, было прынятае «з цяжкім сэрцам і вялікім шкадаваннем».
«Два мае канкурэнты з-за ўласнай дурасці і прагнасці рашучымі дзеяннямі свайго былога гаспадара ліквідаваныя, – напісала Канапацкая. – І, здаецца, трэба быць задаволенай. Быццам усё ідзе паводле плана. Аднак, як чалавек дарослы і адказны палітык, не магу дазволіць сабе пераступіць праз маральна-этычнае. У сітуацыі самаўхілення ад прадугледжаных законам публічных зносін у тэледэбатах на вачах выбарцаў майго адзінага рэальнага суперніка, аддаючы сабе справаздачу ў істотнай перавазе над сваімі астатнімі канкурэнтамі, разумеючы ўсю адказнасць за захаванасць і ўстойлівасць псіхічнага здароўя некаторага ліку з іх прыхільнікаў, лічу неабходным заявіць».
«Як дасведчаны і вопытны палітык, я не маю ні права, ні жадання змагацца з загадзя больш слабымі апанентамі. Удзельнічаць у дзіцячым шоу пракрамлёўскіх марыянетак, якое складаецца з хлопчыкаў-спойлераў і дзяўчынак-рагатушак, дазволіць сабе не магу ніяк. Мне неўзабаве яшчэ кіраваць краінай», – зазначыла яна.
Тэледэбаты кандыдатаў у прэзідэнты запланаваныя 30 ліпеня, выбары прызначаныя на 9 жніўня.