Канапацкая прэзентавала законапраект аб выкарыстанні БЧБ сцяга
Законапраект „Аб выкарыстанні і ахове першага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь” прэзентавала 14 мая ў Мінску дэпутат Палаты прадстаўнікоў член Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая.
Дакумент рэгулюе прававыя асновы выкарыстання, папулярызацыі і аховы першага дзяржаўнага сцяга краіны, „які мае асаблівае гістарычнае і духоўна-маральнае значэнне для Рэспублікі Беларусь”.
Канапацкая прапануе ў заканадаўстве замацаваць магчымасць свабоднага выкарыстання бел-чырвона-белага сцяга. „Бел-чырвона-белы сцяг можа выкарыстоўвацца падчас дзяржаўных святаў і святочных дзён, а таксама на ўрачыстых мерапрыемствах, якія праводзяцца дзяржаўнымі органамі, юрыдычнымі асобамі і грамадзянамі падчас народных, працоўных, сямейных святаў і ў іншыя памятныя даты, пры забеспячэнні павагі да бел-чырвона-белага сцяга”, — гаворыцца ў праекце.
Дэпутат ініцыюе норму аб тым, што грамадзяне павінны з павагай ставіцца да „першага дзяржаўнага сімвала” Беларусі. Канапацкая лічыць неабходным надзяліць мясцовыя саветы дэпутатаў правам „абавязаць дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі вывешваць бел-чырвона-белы сцяг адначасова з дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь у вызначаныя дні альбо пастаянна”.
Акрамя таго, у законапраекце ёсць норма, згодна з якой стварэнне перашкод правамернаму выкарыстанню бел-чырвона-белага сцяга і здзек з яго цягне адміністрацыйную адказнасць.
„Улічваючы гістарычную каштоўнасць бел-чырвона-белага сцяга”, Міністэрству культуры прапануецца ўнесці яго ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Канапацкая падкрэсліла, што прэзентацыя праекта адбылася 14 мая наўмысна: у 23-ю гадавіну рэферэндуму аб змене дзяржаўнай сімволікі. „На жаль, стварэнне гэтага законапраекта — толькі першы маленькі крок да таго, каб ён быў пакладзены на стол у Палаце прадстаўнікоў. І нас яшчэ чакае вялікая праца”, — заявіла дэпутат.
Парламентарый таксама абвясціла аб пачатку кампаніі па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку законапраекта.
Прэзентацыя дакумента ў сталічным бізнес-цэнтры „Вікторыя” сабрала прыблізна 100 чалавек, у тым ліку апазіцыйных палітыкаў, грамадскіх актывістаў і гісторыкаў. Напрыканцы мерапрыемства слова паспрабаваў узяць Валерый Вінаградаў, які назваў сябе прадстаўніком незарэгістраванага „Саюза рускага народа”, аднак удзельнікі з ужываннем сілы спачатку адвялі яго са сцэны, а затым вывелі з залы.