Канапацкая ўнесла на разгляд законапраект „Аб гарантыях прэзідэнту РБ…”
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая ўнесла на разгляд законапраект „Аб гарантыях прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, і членам яго сям’і”.
Канапацкая паведаміла БелаПАН, што дакумент быў унесены 27 лістапада і праходзіць неабходныя заканадаўчыя працэдуры. „Разлічваю, што пачнецца дыскусія па гэтым пытанні ўжо ў гэтым скліканні”, — сказала Канапацкая.
Праект закона, апублікаваны ў телеграм-канале Канапацкай, прадугледжвае ўвядзенне недатыкальнасці для прэзідэнта, які спыніў выкананне паўнамоцтваў.
„Ён не можа быць прыцягнуты да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці за дзеянні, учыненыя ім у перыяд выканання паўнамоцтваў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама затрыманы, арыштаваны, зазнаць вобшук, допыт альбо асабісты агляд, калі названыя дзеянні ажыццяўляюцца па справах, звязаных з выкананнем iм паўнамоцтваў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, — абвяшчае тэкст законапраекта.
Праектам закона прадугледжаная працэдура пазбаўлення недатыкальнасці экс-прэзідэнта ў выпадку здзяйснення ім цяжкага злачынства. Старшыня Следчага камітэта накіроўвае адпаведнае прадстаўленне ў Палату прадстаўнікоў. Акрамя Палаты сваю згоду на пазбаўленне недатыкальнасці павінен даць Савет Рэспублікі, у адваротным выпадку недатыкальнасць знятая не будзе.
Акрамя таго, згодна з законапраектам, прэзідэнту, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, даецца дзяржаўная ахова, адна з дзяржаўных рэзідэнцый у пажыццёвае карыстанне, а таксама медыцынскае абслугоўванне, уключаючы членаў сям’і. Пасля смерці экс-прэзідэнта членам сям’і належыць штомесячная дапамога ў дзесяціразовым памеры сацыяльнай пенсіі.
Таксама прэзідэнту, які спыніў выкананне сваіх абавязкаў, належыць штат памочнікаў, месячны фонд аплаты працы якіх не павінен перавышаць двухразовы памер месячнага ўзнагароджання прэзідэнта на працягу пяці гадоў, па заканчэнні гэтага тэрміну — не больш за паўтараразовы.
Праект прадугледжвае, што прэзідэнт пасля спынення выканання сваіх абавязкаў захоўвае права на карыстанне ўрадавай сувяззю, а таксама на карыстанне ў аэрапортах і вакзалах заламі для афіцыйных асоб і дэлегацый.
belapan.by