Канапацкая ўвайшла ў камісію па эканоміцы, Анісім – па культуры (абноўлена)



Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні 18 кастрычніка сфармавалі склады ўсіх 14 пастаянных камісій.

парламент

Беларускія дэпутаты не выказвалі жаданне працаваць у камісіі па правах чалавека і СМІ, затое ахвоча балатаваліся ў камісію па міжнародных зносінах. Каментуе  старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

– Дарэчы, найменшая колькасць жадаючых была працаваць у камісіі менавіта звязанай з заканадаўчымі ініцыятывамі. Колькасць дэпутатаў у той ці іншай камісіі і жаданне іх працаваць там вызначаецца ў тым ліку і тымі магчымасцямі, якія гэтая праца дае. Я маю на ўвазе дадзеную Палату прадстаўнікоў, якую цяжка назваць органам, які займаецца прасоўваннем пэўных партыйных інтарэсаў і гэтак далей.

Камісію па заканадаўстве  і па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі – па-ранейшаму будзе ўзначальваць Андрэй Навумовіч. „Ранейшую супрацу назваць добрай нельга, але БАЖ будзе рабіць усё магчымае, каб наладзіць супрацу”, – дадае Андрэй Бастунец.

– Калі была сфармавана камісія мінулым разам, мы падрыхтавалі прапановы па зменах у заканадаўства па СМІ. Сустрэліся з кіраўніком камісіі, але потым атрымалі адказ, што, маўляў, не трэба ўносіць ніякіх зменаў у заканадаўства. Ці зменіцца практыка нашых узаемаадносін надалей, гэта цяжка сказаць, але мы будзем рабіць крокі, каб гэта паспрабаваць змяніць.

Дэмакратычныя прадстаўнікі ў беларускім парламенце актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая ўключана ў склад камісіі па эканамічнай палітыцы, а першы намеснік старшыні „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алена Анісім – па адукацыі, культуры і навуцы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Самымі шматлікімі — па 12 чалавек — сталі камісіі па міжнародных справах (старшыня Валерый Варанецкі) і па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі (Андрэй Рыбак).

Другая па колькасці — камісія па адукацыі, культуры і навуцы, якую ўзначальвае Ігар Марзалюк. У яе склад увайшлі 11 дэпутатаў.

Самыя малалікія — па пяць чалавек — камісіі па заканадаўстве (Наталля Гуйвік) і па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі (Андрэй Навумовіч).

Па шэсць чалавек у камісіях па эканамічнай палітыцы (Уладзіслаў Шчэпаў), па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве (Юрый Дарагакупец) і па аграрнай палітыцы (Яўген Адаменка).

Па сем парламентарыяў увайшлі ў склад камісій па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце (Леанід Цупрык), па бюджэце і фінансах (Людміла Дабрыніна), а таксама па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы (Таццяна Кананчук).

Па восем чалавек увайшлі ў склад камісій па нацыянальнай бяспецы (Валянцін Міхневіч), па працы і сацыяльных пытаннях (Тамара Красоўская), а таксама па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы (Людміла Макарына-Кібак).

Актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая ўключаная ў склад камісіі па эканамічнай палітыцы, а першы намеснік старшыні ГА „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алена Анісім — па адукацыі, культуры і навуцы. Раней абедзве прадстаўніцы дэмакратычных сіл выказвалі жаданне працаваць у гэтых камісіях.

Старшыні ўсіх парламенцкіх камісій былі выбраныя 13 кастрычніка.

belapan.by