Канапацкая – за „бяскроўны цывілізаваны дэмакратычны пераход улады”
У выпадку свайго абрання кіраўніком дзяржавы экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая мае намер дамагчыся абмежавання прэзідэнцтва адным сямігадовым тэрмінам. Пра планы па пераўтварэнні палітычнай сістэмы Беларусі кандыдат распавяла 21 ліпеня падчас перадвыбарнага выступу ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1”.
Канапацкая заявіла, што яна — за „бяскроўны цывілізаваны дэмакратычны пераход улады”. „Для гэтага я ініцыюю для заканадаўчага замацавання абмежаванне адным сямігадовым тэрмінам знаходжанне на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе, даванне спецыяльных гарантый кіраўніку дзяржавы, які змяняецца, і членам яго сям’і з асаблівым механізмам прыцягнення да адказнасці пры наяўнасці на тое важкіх падстаў, — сказала кандыдат. — У перыяд свайго прэзідэнцтва я ініцыюю і правяду рэформы, накіраваныя на змену сістэмы дзяржаўнага кіравання ў форму парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі”.
Канапацкая паабяцала прыцягнуць насельніцтва і ўкараніць перадавыя тэхналогіі ў забеспячэнне грамадскай бяспекі. Яна заявіла, што мае намер узмацніць сувязі паміж праваахоўнымі органамі і грамадзянскай супольнасцю, а таксама абвясціць „поўную забарону на выкарыстанне праваахоўных органаў з палітычнымі мэтамі і ў барацьбе з іншадумствам”.
Канапацкая таксама паабяцала правесці поўнамаштабную судовую рэформу, мэта якой заключаецца ў „забеспячэнні незалежнай судовай улады ад выканаўчай і заканадаўчай, вяртанне даверу да судовай сістэмы, павышэнне прафесіяналізму суддзяў”. Гэтая рэформа, заявіла яна, будзе праведзеная „ў самыя кароткія тэрміны”.
Кандыдат падкрэсліла, што выступае за ўвядзенне мараторыя на смяротную кару з наступнай яе адменай.
„Незалежнасць Беларусі не будзе ўстойлівай, пакуль яна не забяспечваецца культурнай, ідэалагічнай і юрыдычнай падтрымкай, — канстатавала Канапацкая. — Для таго каб гэтая падтрымка была, я буду ініцыяваць вяртанне дзяржаўнага статусу нацыянальным беларускім сімвалам — гербу „Пагоня” і бел-чырвона-беламу сцягу, абвяшчэнне галоўным дзяржаўным святам Беларусі Дня Волі — 25 сакавіка, уключэнне ў сістэму дзяржаўных святаў самых важных дат для нашай незалежнасці — 27 ліпеня і 25 жніўня”.
Канапацкая таксама паабяцала ініцыяваць увядзенне крымінальнай адказнасці за „любыя публічныя выказванні, якія аспрэчваюць ці адмаўляюць існаванне асобнай беларускай нацыі ці яе гістарычнага права на стварэнне ўласнай дзяржавы”.