Канапацкая заклікае адмяніць дэкрэт аб „дармаедстве”



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая 10 студзеня накіравала зварот да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам адмяніць дэкрэт № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

kanopac

Як паведаміла палітык, зварот накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта на бланку дэпутата.

У тэксце Канапацкая адзначае, што эканоміка Беларусі знаходзіцца ў сістэмным крызісе, а паводле ацэнкі Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, які з’яўляецца адным з крэдытораў беларускай эканомікі, пры цяперашняй эканамічнай структуры ў краіне залішняя колькасць супрацоўнікаў ацэньваецца ў 700 тысяч.

Дэпутат лічыць, што неабходна ствараць усе ўмовы для разняволення прадпрымальніцтва, самазанятасці насельніцтва і прыцягнення інвестыцый, адначасова ствараючы атмасферу даверу да дзяржорганаў з боку насельніцтва.

«Людзі жывуць у атмасферы нявызначанасці, страху страціць працу, застацца без сродкаў для фінансавання навучання дзяцей і лячэння састарэлых бацькоў. У такой сітуацыі дадатковае раздражненне і абурэнне выклікае падатак на дармаедаў. Так яго называюць людзі. Ён быў уведзены дэкрэтам № 3″ Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” ад 2 красавіка 2015 года. Гэты дакумент наглядна дэманструе дэфекты пры падрыхтоўцы нарматыўных актаў, відавочныя пралікі пры прагназаванні наступстваў іх прыняцця», — піша Канапацкая.

У лісце палітык адзначае нізкую эфектыўнасць выяўлення плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў, а таксама кажа пра выдаткі дзяржавы пры пошуку так званых дармаедаў, у тым ліку выдаткі рэпутацыйныя, звязаныя з парушэннямі правоў чалавека.

„Пры бюджэтных паступленнях у эквіваленце 5 млн долараў прамыя і ўскосныя выдаткі дзяржавы ад рэалізацыі на практыцы дэкрэта № 3 больш чым у сто разоў перавышаюць гэтыя паступленні. І гэта без уліку вельмі негатыўнага стаўлення людзей да падатку на дармаедаў і эрозіі даверу да ўлады, якую ён выклікае», — лічыць прадстаўнік АГП.

Канапацкая заклікае Лукашэнку адмяніць дэкрэт,

„улічваючы грубыя памылкі пры ацэнцы колькасці так званых дармаедаў, а таксама ацэнцы аб’ёму паступленняў ад іх у бюджэт, прымаючы пад увагу крызісны стан рынку працы ў прыватнасці і эканомікі краіны ў цэлым, абараняючы канстытуцыйныя правы грамадзян Беларусі, улічваючы сукупныя прамыя і ўскосныя выдаткі пры рэалізацыі дэкрэта № 3, зыходзячы з неабходнасці павялічыць самазанятасць насельніцтва, стварыць канструктыўную матывацыю для прадпрымальнікаў і інвестараў, лічачы важным паляпшэнне рэпутацыі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне».

Пры гэтым Канапацкая не стала сцвярджаць, што яна з’яўляецца адзіным дэпутатам, які выступае супраць дэкрэта аб дармаедах, паколькі яна „не апытвала ўсіх дэпутатаў”.

Паводле звестак на канец снежня, Міністэрства па падатках і зборах накіравала больш за 240 тыс. паведамленняў па аплаце збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў на падставе дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. На той момант збор заплацілі каля 12 тыс. чалавек, сума выплат склала 3,7 млн рублёў.

Дэкрэт № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” ад 2 красавіка 2015 года абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны, што не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь (420 дэнамінаваных рублёў). Пры ўвядзеннi гэтага збору прадстаўнікі ўладаў заяўлялі, што ў краіне 400-500 тыс. „дармаедаў”.

6 снежня 2016 года на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы прынятае рашэнне скарэктаваць некаторыя нормы дэкрэта.

БелаПАН