Кандыдат з Кобрына не змог папоўніць свайго рахунку асабістымі сродкамі
Кандыдат у дэпутаты Алесь Мех з Кобрына не змог папоўніць свайго рахунку асабістымі сродкамі. Работнікі Кобрынскага філіяла №113 «Беларусбанка» не ведаюць механізму прыняцця грошай ад кандыдата. Хоць ў пастанове Цэнтральнай выбарчай камісіі дазвол на такое папаўненне ёсць. «Супрацоўнікі банка паведамілі, што ўпершыню ў Беларусі кандыдат хоча пералічыць свае грошы ва ўласны выбарчы фонд», — кажа Алесь Мех:
— Выбарчы фонд папаўняецца трыма крыніцамі: мае асабістыя сродкі, ахвяраванні грамадзян, ахвяраванні юрыдычных асоб. Для ахвяраванняў грамадзян і ахвяраванняў юрыдычных асоб яны ведаюць як прымаць гэтыя грошы, а вось як прымаць менавіта асабістыя мае грошы на мой рахунак, яны не ведаюць.
Алесь Мех накіраваў заявы на імя старшыні Кобрынскага філіяла «Беларусбанка» і на імя старшыні Кобрынскай акруговай выбарчай камісіі, дзе просіць разабрацца ў сітуацыі.
Беларускае Радыё Рацыя
