Кандыдатам у прэзідэнты Беларусі хоча стаць граф
Граф Аляксандр Прушынскі публічна заявіў, што збіраецца ўзяць удзел у прэзідэнцкай гонцы. У газеце „Народная Воля” з’явіўся ягоны зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Прушынскі заявіў, што мае намер прыняць удзел у сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах, хоць і ўпэўнены, што выйграць выбары ў Лукашэнкі немагчыма.
Па словах графа, выбарчую кампанію ён выкарыстае для прасоўвання сваіх ідэяў. Прушынскі заяўляе, што прыкладам для эканамічнага развіцця Беларусі павінен стаць Сінгапур. У гэтай краіне дабрабыт насельніцтва вырас у чатыры разы, а беспрацоўе складае чатыры працэнты. Прыкладам Сінгапура, кажа Прушынскі, скарысталіся Кітай і В’етнам і павінна скарыстацца Беларусь.
Граф Аляксандр Прушынскі нарадзіўся яшчэ да вайны пад Ваўкавыскам. Потым яго сям’я эмігравала. Прушынскі вярнуўся ў Беларусь у дзевяностых гадах мінулага стагоддзя. Некалькі гадоў таму ён атрымаў беларускае грамадзянства.