Кандыдатцы абвясцілі папярэджанне за плакат „Далоў дыктатуру страху!”



Камісія ўбачыла парушэнні выбарчага заканадаўства падчас правядзення агітацыйнага пікета 29-га кастрычніка.

Гэты быў супольны пікет Вольгі Дамаскінай і прадстаўнікоў партыі Народнай Грамады, за пікетоўцамі пільна назірала міліцыя, і менавіта міліцыянты звярнуліся ў акруговую камісію. Папярэджанне абвясцілі нібыта за парушэнне артыкула №47 Выбарчага кодэксу, кажа кандыдатка:

– У артыкуле №47, я зачытала ім уголас, забараняецца прапаганда вайны, заклікі да звяржэння канстытуцыйнага ладу… Камісіі не спадабаўся выраз на плакаціку “Далоў дыктатуру страху!”. Дык што, і камісія, значыцца, згодная з тым, што ў нас ёсць гэтая дыктатура страху?

Папярэджанне Вольга Дамаскіна атрымала ўвечары 5-га лістапада, амаль праз тыдзень пасля пікету з плакатам. Кандыдатка мяркуе, што так доўга шукалі падставаў для спагнання невыпадкова: насцярожанасць з боку ўладаў мог выклікаць якраз не гэты, а самы апошні агітацыйны пікет, які прайшоў 3-га лістапада з удзелам менскіх прадстаўнікоў Руху “За Свабоду”.

Агітацыя з музычным суправаджэннем і выступамі актывістаў выклікала вялікую цікаўнасць мінакоў. Людзі не хавалі сваіх палітычных сімпатый, абяцаючы прагаласаваць “за апазіцыю”, і гэта магло падацца небяспечным, лічыць Вольга Дамаскіна.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя