Кандыдатура Станіслава Зася ўзгодненая на пасаду генсакратара АДКБ
Кандыдатура дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Станіслава Зася ўзгодненая для прызначэння кіраўнікамі дзяржаў — членаў аб`яднання на пасаду генеральнага сакратара Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Такое рашэнне, як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, прынятае 22 траўня ў Бішкеку (Кыргызстан) на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў АДКБ.
Беларускую дэлегацыю на сустрэчы ўзначаліў намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас.
Таксама быў падпісаны „шэраг рашэнняў па пытаннях дзейнасці арганізацыі і прынятая заява СМЗС АДКБ з нагоды 75-гадовай гадавіны вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў”.
Дапкюнас прадставіў на пасяджэнні „падыходы Беларусі да вырашэння актуальных праблем міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, прыцягнуў увагу да ініцыятывы беларускага боку па прасоўванні ўсёабдымнага дыялогу па глабальнай бяспецы”. Беларускі дыпламат падкрэсліў, што развіццё АДКБ як актыўнага донара бяспекі ў рэгіёне павінна быць накіраванае на рэагаванне на шырокі спектр сучасных выклікаў і пагроз, дадалі ў прэс-службе.
16 траўня выканаўца абавязкаў генеральнага сакратара АДКБ Валер Семерыкоў (Расея) заявіў журналістам у Менску, што „многія прэзідэнты ўхвалілі гэтую кандыдатуру”. „Міністры замежных спраў адпаведнае рашэнне падпісалі, — дадаў ён. — З 1 студзеня 2020 года, як гэта прадугледжана рашэннем Савета калектыўнай бяспекі, чарга замяшчаць пасаду генеральнага сакратара пераходзіць да Беларусі. 22 траўня будзе прынятае канчатковае рашэнне. З 1 студзеня адназначна будзе прадстаўнік Беларусі”.
Пры гэтым Семерыкоў не патлумачыў, ці зможа Зась у выпадку зацвярджэння на пасадзе заняць яе раней, чым з пачатку гэтага года, чаго дамагаўся беларускі бок. Аднак ён падкрэсліў, што цяпер пост павінен займаць прадстаўнік Арменіі.
АДКБ каля паўгода працуе без генеральнага сакратара. У пачатку лістапада 2018 года генеральны сакратар АДКБ прадстаўнік Арменіі Юрый Хачатураў быў адкліканы з пасады па ініцыятыве Ерэвана з-за выстаўленых у дачыненні да яго крымінальных абвінавачванняў. Арменія настойвала на захаванні за сваім прадстаўніком пасады генеральнага сакратара АДКБ да заканчэння тэрміну трохгадовага мандата ў 2020 годзе, Беларусь — прапаноўвала на гэтую пасаду дзейнага дзяржсакратара Савета бяспекі Станіслава Зася.
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 5 сакавіка падкрэсліў, што важным пытаннем міжнароднага ўзаемадзеяння для Беларусі з`яўляецца ваенна-палітычнае супрацоўніцтва ў рамках АДКБ. Разам з тым ён назваў сітуацыю з прызначэннем генеральнага сакратара АДКБ „нездаровай” і падкрэсліў, што яе трэба вырашаць як мага хутчэй.
„Калі хочаце, гэта найважнейшы напрамак зараз, дзе павінны быць сканцэнтраваныя нашыя намаганні ў сілу тых тэндэнцый, якія развіваюцца ў ваенна-палітычнай сферы на планеце ў цэлым. Асабліва пасля таго, як абедзве найбуйнейшыя ядзерныя дзяржавы выйшлі з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, — дадаў Лукашэнка. — З улікам сусветных тэндэнцый запатрабаванасць гэтай арганізацыі сумневаў не выклікае. Аднак у цяперашні час паўстала нездаровая сітуацыя ў АДКБ. Вазьміце хоць бы звычайнае пытанне — прызначэнне генеральнага сакратара”.
У Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан.
belapan.by