Кандыдаты ад правацэнтрысцкага блоку правялі супольны пікет
На Кааператыўным рынку ў Баранавічах правялі супольны пікет па зборы подпісаў прэтэндэнты ў кандыдаты ад правацэнтрысцкага блоку на выбары ў Палату прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь: Таццяна Малашчанка – сябра Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, Мікалай Чарнавус – сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Юрый Казакевіч – сябра Руху “За свабоду”.
З Менску прысутнічалі на пікеце старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, першы намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрый Губарэвіч, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. Прыехалі падтрымаць сваіх сябраў падчас збору подпісаў, кажа Анатоль Лябедзька:
– Правацэнтрысцкая кааліцыя праводзіць дастаткова энергічную кампанію. На жаль, мы не выкарыстоўваем такое слова як выбары.
Юрый Губарэвіч:
– Мы наведваем розныя гарады па ўсёй Беларусі, дзе вылучаюцца нашыя прадстаўнікі кандыдатамі на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Мы стараемся дапамагчы кожнаму чалавеку, які мае смеласць і ўзяў на сябе адказнасць удзельнічаць у гэтай нялёгкай кампаніі.
Паводле Юрыя Губарэвіча, агулам па Беларусі спіс ад правацэнтрысцкай кааліцыі налічвае 90 прэтэндэнтаў у кандыдаты.
Трэба адзначыць, што ў Баранавічах, як і ў іншых гарадах, адчуваецца ў людзях дэпрэсія, абыякавасць і страх. Зацікаўленых у выбарах за гадзіну амаль не было. Па словах Юрыя Казакевіча, большы эфект дае збор подпісаў па кватэрах.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы