Кандыдаты на адзінага пачынаюць паездкі па рэгіёнах



Штаб па вылучэнні адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі на прэзідэнцкія выбары распрацаваў і зацвердзіў графік паездак па рэгіёнах 6 кандыдатаў, што бяруць удзел у першым этапе праймерыз.

Як сказаў намеснік старшыні Руху „За Свабоду” Віктар Янчурэвіч, які з’яўляецца каардынатарам арганізацыйнага аддзелу штабу, першыя сустрэчы адбудуцца ў Віцебскай вобласці і працягнуцца ў Берасцейскай.

– Першая паездка будзе 6 сакавіка ў Гарадок. Гэта будзе пятніца. Далей 7 і 8 сакавіка, гэта субота і нядзеля, сустрэчы адбудуцца ў Віцебску, у Полацку, у Паставах, Шаркоўшчыне і Мёрах. У аўторак, 10 сакавіка, будзе сустрэча ў Лепелі. 13-га – Бяроза. 14-га – Берасце, Драгічын. 15-га – Пінск, Столін. 17-га – Баранавічы.

Такім чынам, на два бліжэйшыя тыдні расклад сустрэчаў з выбарцамі для вылучэння адзінага кандыдата складзены. Правядзенне праймерыз пераходзіць у практычнае рэчышча, – сказаў Віктар Янчурэвіч.

Нагадаем, што для ўдзелу ў праймерыз па вылучэнні адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі на прэзідэнцкія выбары свае кадыдатуры заявілі кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Казлоў, старшыня Руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч, сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова і Павел Севярынец, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і Ганна Канапацкая, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Беларускае Радыё Рацыя