Кандыдаты ў прэзідэнты абмінаюць Гародню
Ніводзін з чатырох зарэгістраваных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі да гэтага часу не пачаў агітацыйную кампанію ў Гародні.
Ініцыятыўныя групы Сяргея Гайдукевіча і Мікалая Улаховіча ад самага пачатку палітычнай кампаніі не выяўляюць інтарэсу да выбарчага працэсу. За Аляксандра Лукашэнку ў Гародні таксама ніхто не агітуе – нават такія адданыя яму арганізацыі, як БРСМ, “Белая Русь” і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.
Зміцер Бандарчук, давераная асоба Таццяны Караткевіч, спасылаецца на адсутнасць інфармацыйных матэрыялаў у падтрымку кандыдата:
– Па заканадаўстве, усе друкаваныя агітацыйныя матэрыялы робяцца з фондаў кандыдата. У Таццяны Караткевіч не хапае сродкаў, каб адразу па ўсёй краіне распаўсюдзіць агітацыйныя матэрыялы. Пакуль уся інфармацыя, якая ідзе, ідзе паралельна з сустрэчамі па іншых рэгіёнах. Чакаем, што на гэтым тыдні ў Гародні ўжо з’явяцца матэрыялы.
Тым часам тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі Гародні істотна павялічылі колькасць месцаў для правядзення агітацыйнай кампаніі кандыдатаў у прэзідэнты, аднак яны пакуль застаюцца незапатрабаванымі. Як і амаль 50 афішных тумбаў, прызначаных для агітацыйных матэрыялаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота sputnik.by