Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі можа прайсці толькі ў наступным годзе
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька распавёў, як ідзе працэс падрыхтоўкі да кампаніі прэзідэнцкіх выбараў-2015.
Анатоль Лябедзька: Нічога не прыпынена, нічога не знята з парадку дня. 95 працэнтаў дакументаў па падрыхтоўцы да выбараў узгодненыя, засталося крыху. Алесь вось гэтае “крыху” якраз і спыніла рух.
РР: Што канкрэтна тармозіць далейшы працэс?
Анатоль Лябедзька: Наша партыя і кааліцыя “Талака” пайшлі на вялікі кампраміс, па сутнасці, адмовіўшыся ад праймерыза, які, па майму глыбокаму перакананню, з’яўляецца самай моцнай працэдурай, бо ён дае магчымасць удзелу ў кампаніі любому грамадзяніну, якому споўнілася 18 гадоў. Такім чынам, праймерыз робіць удзельнікамі працэса не толькі кіраўнікоў і актывістаў палітычных структур. Колькасць зацікаўленых людзей пашыраецца. Але, паўтаруся, мы пагадзіліся на Кангрэс. Добра, няхай так і будзе, калі вы супраць народнага галасавання. Зараз прайшлі ўсе пазіцыі за выключэннем некаторых. Ёсць, напрыклад, пытанне наконт таго, якім чынам фарміраваць Кангрэс. Пяць структур гавораць, што гэта павінны быць сходы грамадзян, а дзве – “Гавары праўду” і сацыял-дэмакраты – выступаюць за вылучэнне дэлегатаў праз збор подпісаў.
РР: Вы лічыце, што вылучэнне праз сходы грамадзян больш эфектыўна ў цяперашніх умовах?
Анатоль Лябедзька: Галоўнае, што тут прысутнічае сістэма кантролю. Калі, напрыклад, у Слуцку ці Буда-Кашалёве сабралася 30-100 чалавек, то вы фіксуеце гэтых рэальных людзей. А са зборам подпісаў усё куды больш складана, бо трэба прызнаць, што ў апазіцыі таксама працуюць не адны анёлы. Хто будзе правяраць: рэальныя подпісы ці намаляваныя левай рукой? У нас такіх магчымасцей няма, і мы можам засесці ў гэтай працэдуры, як у балоце. Тым не менш, гэтае галоўнае разыходжанне пакуль не ўдаецца ўзгадніць, працэс атрымаўся закансерваваным.
РР: Здаецца, і два месяцы таму апазіцыя білася над узгадненнем гэтай праблемы. За такі час нельга прыйсці да адзінай пазіцыі?
Анатоль Лябедзька: Атрымоўваецца, што нельга. Калі б мы казалі пра праймерыз, то апелявалі б ад усіх грамадзян, якія ўсе ў роўных умовах. А тут сітуацыя іншая. Хоць, шчыра скажу, ёсць яшчэ і радыкальна іншыя прапановы, пра якія я пакуль не магу казаць. Тайм-аўт узялі да канца лета, за гэты час пазіцыі будуць узгадняцца ўнутры палітычных структур. Дарэчы, калі казаць пра Кангрэс, то мы настойваем, каб у парадку яго дня абавязкова было на першым плане пытанне падтрымкі незалежнасці краіны з папраўкай на апошнія падзеі, якія адбываюцца вакол Беларусі. А ўжо другое пытанне – як будзем удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі.
РР: Калі можа прайсці Кангрэс?
Анатоль Лябедзька: Улічваючы тэмпы падрыхтоўкі да яго, форум, напэўна, адбудзецца напачатку наступнага года.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя