Кангрэс за незалежнасць плануецца правесці ў дзень Канстытуцыі



Усебеларускі кангрэс за незалежнасць плануецца правесці 15 сакавіка 2020 года, у дзень Канстытуцыі. Пра гэта паведаміў у сацыяльных сетках сустаршыня аргкамітэта кангрэса Ігар Рынкевіч па выніках чарговага пасяджэння аргкамітэта, якое прайшло ў Менску 11 студзеня.

Паводле яго слоў, арганізатары плануюць правесці пленарнае пасяджэнне, на якім будзе прадстаўлены шэраг дакладаў. У ліку выступоўцаў пазначаны экс-старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб і былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў. Пасля плануецца праца тэматычных секцый з абмеркаваннем розных аспектаў абароны незалежнасці. Таксама плануецца абраць новы склад Савета кангрэса, у які ўвойдуць каля 30 вядомых грамадскіх і палітычных дзеячаў. Да і пасля пленарнага пасяджэння таксама рыхтуецца шэраг мерапрыемстваў: круглыя сталы, канферэнцыі па канкрэтных праблемах абароны незалежнасці, сходы грамадзян па разглядзе ідэй і рашэнняў кангрэса.

„Гэта будзе не столькі з’езд палітычных партый, колькі вялікі збор прадстаўнікоў шырокіх колаў беларускага народа, — піша Рынкевіч. — На кангрэсе не плануецца намінацыя прэтэндэнтаў на ўдзел у „прэзідэнцкай кампаніі”. Але пры гэтым у аргкамітэце прапанавалі выказаць на кангрэсе стаўленне да выбарчага заканадаўства і „выбараў” у Беларусі”.

Квоты прадстаўніцтва дэлегатаў кангрэса вызначаюцца, але арганізатары плануюць агульную колькасць удзельнікаў большую, чым было на папярэднім кангрэсе ў 2014 годзе, — тады прынялі ўдзел 63 дэлегаты.

У сувязі з працягам рэпрэсій было вырашана выбраць пяць сустаршынь аргкамітэта. Абраныя Алена Анісім, Міхаіл Пастухоў, Ігар Рынкевіч і Павел Севярынец. „Пятую пасаду пакінулі вакантнай, паколькі чакаецца далучэнне яшчэ некалькіх партый і буйных грамадскіх арганізацый, і ад адной з іх будзе абраны яшчэ адзін сустаршыня аргкамітэта”, — адзначыў Рынкевіч.

Міжнародным сакратаром аргкамітэта кангрэса абраная Алена Крушэўская. Таксама створаны тры рабочыя групы па арганізацыйна-тэхнічных і фінансавых пытаннях.

Акрамя прадстаўнікоў беларускай дыяспары з шэрагу краін, будуць запрошаны замежныя партнёры з Расеі, Украіны, іншых краін-суседзяў. „Таксама на наша запрашэнне да прысутнасці на кангрэсе выказалі цікавасць паслы розных краін, у тым ліку з краін Еўрасаюза і з краін — гарантаў беларускага суверэнітэту па Будапешцкім мемарандуме”, — напісаў Рынкевіч.

Аргкамітэт правядзе сваё наступнае пасяджэнне 17 студзеня.

belapan.by