Кангрэс за незалежнасць збярэцца на другую сесію
Другая сесія кангрэсу за незалежнасць адбудзецца 7-га чэрвеня ў Менску.
Пра гэта паведаміла першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алена Анісім.
Паводле яе слоў, на сесіі будуць абмяркоўвацца палітычныя пытанні, у тым ліку прэзідэнцкая выбарчая кампанія. У прыватнасці, плануецца прыняць заяву, якая тычыцца неабходнасці ўнясення паправак у выбарчае заканадаўства.
Ініцыятарамі правядзення кангрэсу за незалежнасць, які прайшоў у снежні мінулага году, выступілі ТБМ і Рада беларускай інтэлігенцыі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля ста дэлегатаў і гасцей.
Удзельнікі кангрэсу прынялі маніфест у падтрымку незалежнасці. У ім падкрэсліваецца, што дамова пра стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза нясе новую пагрозу незалежнасці Беларусі, так як шэраг яго палажэнняў супярэчаць агульнапрызнаным нормам міжнароднага права, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.