Кангрэс ЗША сёння разгледзіць пытанне аб прызначэнні пасла ў Беларусь
5 жніўня кангрэс ЗША разгледзіць пытанне аб прызначэнні Джулі Фішэр паслом у Беларусі. Пра гэта паведамляе пасольства ЗША ў Мінску ў сваім «Фэйсбуку».
«Сёння праходзяць слуханні кангрэса ЗША па намінацыі намесніка памочніка дзяржсакратара Джулі Фішэр, – гаворыцца ў паведамленні. – У выпадку ўхвалы яна стане наступным паслом ЗША ў Беларусі».
Пасольства таксама цытуе намесніка памочніка дзяржсакратара Джорджа Кента, які сказаў: «Мы з нецярпеннем чакаем, што неўзабаве паслы апынуцца ў сталіцах абедзвюх краін упершыню за 12 гадоў».
Дыпмісія ЗША ў Беларусі працуе без пасла з сакавіка 2008 года. Тады паміж Менскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне амерыканскім бокам санкцый у дачыненні да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. Паводле патрабавання беларускага боку Менск пакінула пасол Карэн Сцюарт, штат пасольства быў максімальна скарочаны. Апошнія дзесяць гадоў дыпламатычныя місіі ў абедзвюх краінах узначальваюць павераныя ў справах.
4 сакавіка 2019 года Менск афіцыйна апавясціў Вашынгтон пра адмену абмежаванняў на колькасць супрацоўнікаў амерыканскага пасольства. Гэта адбылося на сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джорджам Кентам.
17 верасня таго ж года намеснік дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвід Хейл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску заявіў, што бакі прынялі рашэнне аднавіць дыппрадстаўніцтвы на ўзроўні паслоў.
20 красавіка 2020 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў намесніка памочніка дзяржсакратара па Заходняй Еўропе і Еўрапейскім саюзе Джулі Фішэр кандыдатам на пасаду надзвычайнага і паўнамоцнага пасла ў Беларусі. У пачатку мая Трамп унёс яе кандыдатуру на зацвярджэнне сенату кангрэса ЗША.