Канстытуцыйны суд вядзе працу над абнаўленнем Канстытуцыі
Канстытуцыйны суд вядзе працу над абнаўленнямі Канстытуцыі, звязанымі з пераразмеркаваннем паўнамоцтваў галін улады. Пра гэта паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Грамадскай канстытуцыйнай камісіі Анатоль Лябедзька па выніках сустрэчы 4 верасня са старшынём Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Пятром Міклашэвічам.
У сустрэчы акрамя Лябедзькі ўдзельнічалі кіраўнік Грамадскай канстытуцыйнай камісіі Мечаслаў Грыб, экс-старшыня Вярхоўнага Савета 12-га склікання і намеснік старшыні камісіі, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.
„Канстытуцыйны суд працуе над абнаўленнем Канстытуцыі. Што нам агучыў Міклашэвіч: яны працуюць над прэамбулай, прапрацоўваюць пытанне аб пераразмеркаванні паўнамоцтваў галін улады, а таксама займаюцца пытаннем, як улічыць тыя правы і свабоды, якія сёння не ўлічаныя ў Канстытуцыі”, — сказаў Лябедзька.
Паводле яго слоў, Міклашэвіч паведаміў прысутным, што ён ведае пра існаванне грамадскай камісіі па ўнясенні зменаў у Канстытуцыю, сочыць за яе дзейнасцю і гатовы прыходзіць на мерапрыемствы. Таксама Лябедзька распавёў, што на сустрэчы не паведамілі пра канкрэтныя тэрміны, у якія маюць намер распрацаваць і прыняць папраўкі ў Асноўны закон.
Грамадская канстытуцыйная камісія пачала працу ў сакавіку 2019 года. У яе склад увайшлі палітыкі, эксперты і грамадскія дзеячы. За аснову ўзятая Канстытуцыя ўзору 1994 года, а таксама Малая Канстытуцыя, прынятая на Кангрэсе дэмакратычных сіл у 2007 годзе.
Пытанне ўнясення зменаў у Канстытуцыю Беларусі абмяркоўваецца каля двух гадоў. Пра тое, што канцэпцыя зменаў у Асноўны закон яшчэ не распрацаваная, Лукашэнка заявіў, выступаючы са штогадовым пасланнем беларускаму народу і парламенту 19 красавіка. „Мяне ўвесь час у СМІ пытаюцца, асабліва ў інтэрнэце, падштурхоўваюць: ну скажы што-небудзь па Канстытуцыі. Ну што, гаварыць пра варыянты нейкія не варта. Гэта толькі варыянты, мы яшчэ нават не выпрацавалі канцэпцыю змены гэтай Канстытуцыі, яна з’явіцца тады, калі я атрымаю прапановы ад розных слаёў нашага грамадства”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым ён апісаў сваё бачанне структуры ўлады: „Трэба надзяляць уладнымі паўнамоцтвамі іншыя структуры і галіны ўлады. Каб за эканоміку адказваў урад разам з парламентам. Нацыянальны банк не павінен быць у баку. Кантроль будуць ажыццяўляць структуры па розных напрамках, варыянты ўжо адпрацаваныя. Той жа КДК, іншыя міністэрствы і ведамствы”.
Вярхоўны савет прыняў Канстытуцыю 15 сакавіка 1994 года, была ўведзеная прэзідэнцкая форма праўлення. Летам таго ж года прайшлі першыя ў гісторыі краіны выбары прэзідэнта, перамогу на якіх атрымаў Аляксандр Лукашэнка. Упершыню змены ў Асноўны закон былі ўнесеныя ў 1995 годзе, яны тычыліся дзяржаўнай сімволікі і зацвердзілі рускую мову ў якасці дзяржаўнай нароўні з беларускай.
Па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 24 лістапада 1996 года, які, як і ў першы раз, ініцыяваў Лукашэнка, у Канстытуцыю былі ўнесеныя змены і дапаўненні, у адпаведнасці з якімі адлік пяцігадовага тэрміну прэзідэнцтва Лукашэнкі пачаўся нанава, а Вярхоўны савет быў пераўтвораны ў двухпалатны парламент — Нацыянальны сход. Прэзідэнт атрымаў права прызначаць шэсць суддзяў Канстытуцыйнага суда і членаў ЦВК.
У Асноўны закон таксама былі ўнесеныя змены, якія тычацца паўнамоцтваў Канстытуцыйнага суда: абмежаванае кола суб’ектаў, якія маюць права ініцыяваць прыняцце судом заключэння. Такім правам валодаюць прэзідэнт, урад, палаты парламента, Вярхоўны суд і Вышэйшы гаспадарчы суд. Пры гэтым Канстытуцыйны суд быў пазбаўлены магчымасці прымаць заключэнні па ўласнай ініцыятыве.
17 кастрычніка 2004 года ў Беларусі прайшоў яшчэ адзін рэферэндум, па выніках якога з Канстытуцыі было выключана палажэнне, якое абмяжоўвае знаходжанне аднаго чалавека на пасадзе прэзідэнта двума тэрмінамі.