Кантактная група па Украіне рыхтуе „велікоднае перамір’е”
Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны на пасяджэнні ў Менску 10 красавіка „сышлася на думцы пра неабходнасць абвяшчэння велікоднага перамір’я”, заявіў журналістам спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ ў кантактнай групе Марцін Сайдзік.
У сувязі з гэтым, адзначыў ён, бакі дамовіліся правесці дадатковую відэаканферэнцыю 18 красавіка для канчатковага ўзгаднення рашэння. „Вопыт паказвае, што для эфектыўнага і доўгатэрміновага перамір’я самае галоўнае — гэта палітычная воля бакоў, пры яе наяўнасці гэта зрабіць нескладана”, — сказаў дыпламат.
Паводле слоў прадстаўніка АБСЕ, падгрупа па бяспецы сёння таксама абмеркавала дадатковыя меры па забеспячэнні бяспекі і гуманітарнага размініравання.
Удзельнікі эканамічнай рабочай групы выказалі заклапочанасць сітуацыяй, якая ўзнікла ў пачатку месяца вакол кампаніі „Вада Данбаса” ў сувязі з перабоямі ў электразабеспячэнні, паведаміў Сайдзік і заклікаў бакі канфлікту арганізаваць бяспеку і ўстойлівае функцыянаванне ўсіх жыццёва важных аб’ектаў грамадзянскай інфраструктуры.
Дыпламат таксама ўдакладніў, што каардынатар гуманітарнай рабочай групы Тоні Фрыш прадставіў вынікі свайго нядаўняга візіту ў зону канфлікту. „Падчас паездкі ў месцы ўтрымання па абодва бакі ад лініі судотыку ён сустракаўся з асобамі, якія ўтрымліваюцца, іх роднымі і блізкімі, а таксама са сваякамі зніклых без вестак, — паведаміў Сайдзік. — Ён наведаў тых, хто ўтрымліваецца ў турме ў Марыупалі. Хацелася б у гэтай сувязі нагадаць, што паводле міжнароднага гуманітарнага права Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа павінен мець доступ да тых, хто ўтрымліваецца па абодва бакі ад лініі судотыку. МКЧК пакуль мае такі доступ толькі на тэрыторыі, падкантрольнай ураду Украіны”.
Наступнае пасяджэнне кантактнай групы пройдзе ў Мінску 24 красавіка.
Як паведамлялася, мінулая беспаспяховая спроба ўсталявання перамір’я на Данбасе — з 7 сакавіка — была прымеркаваная да Міжнароднага жаночага дня і названая „веснавым перамір’ем”.
Фота SPUTNIK Беларусь