Кантактная група ў Менску ўзгадніла „формулу Штайнмаера”



Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны 1 кастрычніка ў Менску ўзгадніла „формулу Штайнмаера”. Пра гэта паведаміў журналістам спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік на брыфінгу па выніках чарговага раўнда перамоў ТКГ.

„У цэнтры сённяшніх дыскусій як у ТКГ, так і ў палітычнай працоўнай групе была „формула Штайнмаера”. Па рэкамендацыі палітычных дарадцаў „нармандскай чацвёркі” ад 11 верасня сёння члены ТКГ і прадстаўнікі АРЛВ і АРДВ (асобныя раёны Луганскай і Данецкай абласцей. — БелаПАН.) лістамі ў мой адрас пацвердзілі тэкст „формулы Штайнмаера” пра імплементацыю ўкраінскага заканадаўства. Тэкст быў узгоднены гэтымі ж дарадцамі ў „нармандскім фармаце”, — сказаў ён.

„Формула Штайнмаера” названа па імені былога кіраўніка МЗС Германіі Франка-Вальтэра Штайнмаера, які цяпер займае пасаду прэзідэнта ФРГ. Яна мае на ўвазе наданне на часовай аснове асаблівага статусу тэрыторыям, кантраляваным самаабвешчанымі ДНР і ЛНР, да правядзення там выбараў. На пастаяннай аснове ён пачне дзейнічаць пасля публікацыі справаздачы БДІПЧ АБСЕ, якая пацвярджае дэмакратычнасць і легітымнасць вынікаў галасавання.

12 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў правесці да канца верасня сустрэчу ў „нармандскім фармаце”, каб абмеркаваць з кіраўнікамі краін — удзельніц гэтага фармату ўсе пункты мінскіх дамоўленасцяў. 18 верасня міністр замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка заявіў, што ў Расеі і Украіны няма рознагалоссяў наконт „формулы Штайнмаера”. Пры гэтым украінскія СМІ адзначаюць, што РФ патрабуе ад Украіны афіцыйнага пісьмовага пацвярджэння „формулы Штайнмаера” як умовы для „нармандскай” сустрэчы на вышэйшым узроўні.

Раней, у ліпені, прэзідэнт Украіны прапаноўваў прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну правесці сустрэчу ў пашыраным „нармандскім фармаце” (з удзелам кіраўнікоў ЗША і Вялікабрытаніі) у Менску.

Аляксандр Лукашэнка 26 верасня на прэс-канферэнцыі для ўкраінскіх СМІ ў Менску заявіў, што вырашыць канфлікт на Данбасе павінны сумеснымі намаганнямі Украіна, Расея і Беларусь. „Я назіраю: „формула Штайнмаера”, яшчэ там нейкія формулы… Слухайце, забудзьцеся вы пра ўсе формулы, сядзьце на Украіне, вызначыцеся. І той, хто хоча міру, паклічце іх, у тым ліку і беларусаў і гэтак далей. Я казаў, што мы, тры славянскія народы, павінны вырашыць гэты канфлікт. Вось проста сесці і вырашыць, таму што гэта ў нашым доме”. Лукашэнка растлумачыў, што такая прапанова не знайшла водгуку ва ўкраінскага кіраўніцтва і таму ён стаў гаварыць пра тое, што да ўрэгулявання канфлікту магчыма варта падключаць ЗША.

„Нармандскі фармат” — перамоўная група, якая складаецца з кіраўнікоў Украіны, Расеі, Германіі і Францыі, па ўрэгуляванні ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны. Апошні раз на ўзроўні прэзідэнтаў група сустракалася ў Берліне ў кастрычніку 2016 года.

У Менску перамовы па Украіне ў „нармандскім фармаце” на вышэйшым узроўні прайшлі 11—12 лютага 2015 года з удзелам прэзідэнтаў Украіны, Расеі, Францыі і канцлера ФРГ.

belapan.by