Канцлер Аўстрыі: Выбіванне з Пратасевіча нейкіх прызнанняў – ненармальнасць
Арыштаваны ўладамі Беларусі пасля вымушанай пасадкі ў Менску самалёта Ryanair Раман Пратасевіч не тэрарыст, а блогер і журналіст, заявіў канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц 4 чэрвеня на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме з удзелам прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.
„Нават калі яго меркаванне камусьці не падабаецца, ён павінен мець права гэта меркаванне выказаць. Я магу паўтарыць: пасадзіць самалёт, а потым арышт людзей… З іх выбіваюць нейкія словы прызнання. Гэта нельга лічыць нармальным”, — сказаў Курц.
„Калі глядзець на рэчы аб’ектыўна, мы нейтральная краіна, — адзначыў канцлер. — А другое, у нас традыцыйна добрыя эканамічныя адносіны з Беларуссю, у нас шмат кантактаў. І, з нашага пункту гледжання, тут ёсць мяжа. Трэба адрозніваць адно ад другога. Той, хто пераходзіць чырвоную лінію, не павінен быў гэта рабіць. Інакш мы рэагуем тымі мерамі з боку Еўразвяза, якія мы прымаем. І такія паводзіны, такі ход думак, такі ход справы мы лічым непрымальным. На будучыню было б вельмі выдатна наогул не даводзіць да такіх сітуацый. Нам трэба, каб мы маглі абыходзіцца без гэтага, каб гэтыя стандарты выконваліся ўсюды”.
Паводле слоў Курца, апошнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не былі справядлівымі, а асабліва абурыла „гэтая вымушаная пасадка самалёта Ryanair і арышт двух журналістаў (Пратасевіча і Сафіі Сапегі. — БелаПАН.)”. „Мы, Аўстрыя і Еўразвяз, не хочам заплюшчваць на гэта вочы, як абыходзяцца з апазіцыяй, напрыклад, і мы рэагавалі ў выглядзе санкцый. Мы спадзяемся, што сітуацыя ў Беларусі зменіцца. Ніхто не зацікаўлены ў разгойдванні сітуацыі, у дэстабілізацыі. Але трэба забяспечыць дэмакратызацыю — гэта важна. Змены павінны быць у лепшы бок. Можа быць, мы не будзем згодныя ў нашых думках, але на самой справе нас вельмі турбуе тое, што адбываецца ў Беларусі. І тыя захады, якія мы можам зрабіць з боку ЕЗ, аб увядзенні санкцый, мы лічылі іх неабходнымі. Нам было б лепш, і мы вельмі хацелі б, каб сітуацыя змянілася. Ёсць эканамічныя інтарэсы, і нашы ў тым ліку, у Беларусі, і таму мы вельмі зацікаўленыя ў паляпшэнні сітуацыі. Гэта наш інтарэс, каб Беларусь ішла па аптымальным шляху развіцця, каб развівалася грамадзянская супольнасць, каб не пераследавалі журналістаў, каб прызнавалася права на існаванне іншай думкі — не рэагавалі б так жорстка”, — заявіў канцлер.