Карабахскія высновы для рэжыму Лукашэнкі



Калі я чую фразу кшталту «а што беларусам з падзеяў, якія адбываюцца за тры з лішкам тысячы кіламетраў?», я адказваю, што беларусам важна ўсё, што звязанае з аслабленнем Расейскай імперыі. А Крэмль у Карабаху паказаў, што ён аслаблы.

Што адбылося ў Нагорным Карабаху? Калі каротка, Азербайджан заняў тэрыторыю, прызнаную міжнародным правам як азербайджанскую.

Яшчэ адбыўся этнацыд армянскага насельніцтва Карабаху, якое пад пагрозай генацыду, то бок, забойства, было вымушанае пакінуць зямлю, на якой іх продкі жылі стагоддзямі. І складала абсалютную этнічную большасць.

Па трэцяе, захоп ці рэзахоп, як каму бліжэй, адбыўся на фоне незалежнасці Косава. Сербскай тэрыторыі, масава заселенай албанцамі. Косава аддзялілася ад Сербіі, і краіны дэмакратыі гэтае аддзяленне прызналі.

Міжнароднае права, усталяванае пасля Другой Сусветнай вайны, забараняе захопліваць тэрыторыі. А вось змяняць межы праз аддзяленне – калі ласка.

Таму аналогіі з Крымам і Данбасам не падыходзяць, бо гэтыя ўкраінскія тэрыторыі былі акурат захопленыя.

Але самае галоўнае ў гэтай гісторыі – роля афіцыйнай Масквы. Фармальна Расея тры дзесяцігоддзі ахоўвала Арменію ад інтэрвенцыі Азербайджану. Бо хоць Нагорны Карабах па дакументах быў самастойнай дзяржавай, дэ-факта ён быў часткай Арменіі.

Азербайджан па сутнасці – гэта працяг Турцыі. Турцыя мадэрнізавала войска Азербайджану, а Расея сплаўляла ў Арменію старызну, што засталася з часоў СССР.

І вось надышоў момант «ікс», і ў Турцыі зразумелі, што праз вайну ва Украіне Расея ўжо не такі пагрозлівы суб’ект, якім падавалася зусім нядаўна.

Азербайджанская, чытай – турэцкая – армія заняла Карабах за дзень. А пасля яшчэ і расейскіх «міратворцаў» хтосьці падарваў. А Расея не асабліва і абуралася.

У апісанай гісторыі важна, што Расея не толькі слабая. Больш істотная дэманстрацыя таго факту, што Расея калі трэба – пракіне кожнага, каго называе партнёрам.

Армяне свята верылі, што Расея – вялікі сябра і абаронца. А калі б яшчэ трыццаць гадоў таму сталі на шлях інтэграцыі з Захадам, то Арменія была бы цяпер значна больш упэўненая ў заўтрашнім дні.

А карабахскія высновы для рэжыму Лукашэнкі падобныя. Колькі б ён не ездзіў «на кавёр» да Пуціна, у выпадку патрэбы Лукашэнку здадуць з вантробамі.

Зрэшты, крываваму ўзурпатару ўлады губляць няма чаго. Таму карабахскі матыў больш актуальны для тых, хто робіць стаўку на Лукашэнку.

Непасрэдныя ўдзельнікі расправаў над людзьмі, кшталту Караева, Кубракова і Карпянкова, ім ужо таксама адступаць няма куды. Але большасці атачэння Лукашэнкі ўсё-ткі варта думаць, як будуць выбірацца з палітычнай багны, у якую яны сябе засадзілі.

 Ілюстрацыйны здымак. Лукашэнка і Нікол Пашынян, прэм’ер-міністр Арменіі.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя